Пікеты каля амбасады Беларусі ў Бэльгіі
31 марта 2008

Беларусы Бэльгіі і Францыі пачалі акцыі пратэсту супраць гвалтоўнага разгону мірных дэманстрантаў у Беларусі ў Дзень Волі.

Пікеты каля будынку амбасады Беларусі у Брусэлі, якія пачаліся напрыканцы мінулага тыдню, будуць працягвацца ад панядзелка 31 сакавіка. Паліцыя дала дазвол на пікеты да таго часу, пакуль супрацоўнікі амбасады не прымуць пэтыцыю ад удзельнікаў пікетаў. Наступная акцыя адбудзецца ў панядзелак 31 сакавіка.

Напрыканцы мінулага тыдню, у чацьвер 27 і ў пятніцу 28 сакавіка беларусы Бэльгіі ладзілі пікет насупраць будынку амбасады Беларусі ў Брусэлі. Як паведамілі арганізатары з Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня, акцыя адбывалася з дазволу бэльгійскай паліцыі, «якая адсочвала сытуацыю і з паразуменьнем паставілася да праблемы ў Беларусі».

Удзельнікі акцыі намагаліся перадаць ў амбасаду пэтыцыю з пратэстам супраць гвалту падчас разгону мірнай дэманстрацыі ў Менску 25 сакавіка, а таксама патрабаваньне неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых у Дзень Волі.

«Які б дыктатарскі рэжым ня быў, калі б ён быў беларускі, дык ніколі б ня ўчыніў бы такіх зьверстваў у дачыненьні да свайго народу. А для акупантаў вельмі важна, каб беларусы забыліся на слова Незалежнасьць. Таму ў гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікай і адбылося зьбіцьцё і арышты людзей, якія хочуць жыць у вольнай Беларусі! — заявіў старшыня Беларуска-Эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў. — У амбасадзе нават пэтыцыю баяцца ад нас прыймаць, каб ня згубіць месца працы, але мы мелі размову з брусэльскай паліцыяй адносна пікетаваньня амбасады да той пары, пакуль ня будзе перададзеная нашая заява. Таму мы маем дазвол прадоўжыць акцыю».

Актывіст Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня з Францыі Павал Хівук паведаміў радыё «Свабода», што наступная акцыя пратэсту супраць гвалту ў Дзень Волі і палітычных арыштаў у Беларусі адбудзецца у панядзелак 31 сакавіка каля будынку амбасады Беларусі ў Брусэлі: «Спробы перадаць пэтыцыю ў амбасаду ў Беларусі перарасьлі ў штодзённыя пікеты».

 

Тацяна Поклад
Радыё Свабода