Андрэй Саннікаў: «Лукашэнка рыхтуе здачу Беларусі Расеі»
1 апреля 2008

«Аляксандр Лукашэнка свядома ідзе на разрыў стасункаў з ЗША, за якім можа здарыцца разрыў стасункаў з Еўропай, бо ён рыхтуе здачу Беларусі Расеі. І яму патрэбныя вінаватыя ў тым, што гэта адбылося», – заявіў міжнародны каардынатар Хартыі’97, сябар аргкамітэта грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў.

Другая міжнародная канферэнцыя, прысвечаная памяці першага прэзідэнта Эстоніі Ленарта Мэры, праходзіла ў Таліне пад патранажам прэзідэнта Эстоніі Томаса Хенрыка Ілвеса і была прысвечаная пытанням Еўропы. У канферэнцыі ўзялі ўдзел прэм'ер-міністры Эстоніі, Грузіі, міністры замежных спраў і абароны Літвы, Латвіі, Эстоніі, генеральны дырэктар па знешніх і ваенна-палітычных справах у Радзе Еўразвяза Роберт Купер, кіраўнік камісіі ЕЗ па пашырэнні Оллі Рэн, высокапастаўленыя дыпламаты з Еўропы і Злучаных Штатаў, сябры Еўрапейскага Парламента і нацыянальных парламентаў краін ЕЗ, вядучыя сусветныя аналітыкі і журналісты.

Ад Беларусі на канферэнцыі прысутнічалі міжнародны каардынатар Хартыі’97, экс-намеснік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саннікаў і кіраўнік фонду «Мы памятаем» Ірына Красоўская.

– Канферэнцыя была важная. Таму што яна адбывалася напярэдадні саміту НАТА ў Бухарэсце. Дарэчы, шмат хто з удзельнікаў канферэнцыі проста з Таліна паляцелі ў Бухарэст. На канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні не толькі пашырэння НАТА, але і далейшага пашырэння Еўразвяза, пытанні еўрапейскай міжнароднай бяспекі, стасункаў з Расеяй і стасункаў Еўропы з краінамі-суседзямі, уключна Беларусь, – адзначыў Андрэй Саннікаў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97.

– Што менавіта казалі на канферэнцыі пра Беларусь?

– Зразумела, што падзеі 25-27 сакавіка мелі свае наступствы для міжнароднай супольнасці. Тэма Беларусі, як суседа Еўропы, у якой працягваюцца збіванні людзей падчас мірных дэманстрацый, маюцца палітвязні, хвалююць, як нашых суседзяў, так і Еўразвяз у цэлым. На канферэнцыі казалася пра тое, што неабходна засяродзіць намаганні дэмакратычных дзяржаў на абароне правоў чалавека ў Беларусі, вызваленні палітвязняў і недапушчэнні ўжывання гвалту са боку ўлад. Прадстаўнікі ЗША заклікалі еўрапейцаў прыняць адпаведныя меры ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі.

– Якія яшчэ пытанні абмяркоўваліся на канферэнцыі?

– Увогуле, галоўная інтрыга гэтай канферэнцыі, як і саміту НАТА – гэта пытанні аб ПДЧ для Украіны і Грузіі. Пакуль гэтае пытанне не вырашанае і будзе вырашанае падчас бухарэсцкага саміту на ўзроўні прэзідэнтаў. Але ў любым выпадку, і Грузія, і Украіна разглядаюцца Еўразвязам і ЗША, як будучыя сябры ЕЗ і НАТА. Сёння існуюць рознагалоссі па гэтым пытанні паміж ЗША і Нямеччынай, аднак колькасць прыхільнікаў уключэння дзвюх постсавецкіх рэспублік у еўраатлантычную прастору няўхільна расце. У любым выпадку разыходжанні паміж ЗША і Нямеччынай па пытанні пашырэння ЕЗ і НАТА не ўплывае на іх палітыку ў дачыненні Беларусі. Тут ёсць поўнае разуменне сітуацыі і адпаведны погляд на тое, якім чынам гэтую сітуацыю вырашыць. З прычыны таго, што канферэнцыя праходзіла ў Эстоніі, натуральна, што дастаткова дэталёва абмяркоўвалася пазіцыя краін Балтыі і краін Паўночнай Еўропы па міжнародных пытаннях. Гэта група краін адзіная ў тым, што тычыцца далейшага пашырэння як Еўразвяза, так і НАТА. Яны прытрымліваюцца палітыкі адкрытых дзвярэй. Дарэчы, прадстаўнікі гэтых краін казалі пра тое, што ў свой час і Беларусь, і Малдова змогуць прэтэндаваць на сяброўства ў Еўразвязе.

– Як вы ацэньваеце рашэнне беларускага МЗС аб дадатковым скарачэнні персаналу сваёй амбасады ў Вашынгтоне і патрабаванне беларускага боку яшчэ больш скараціць склад амерыканскай амбасады ў Менску?

– Хутчэй за ўсё, хтосьці «разумны» раіць Лукашэнку пазбавіцца ад амерыканскай прысутнасці ў Беларусі для таго, каб нібыта можна было лягчэй дамаўляцца з Еўропай. Спадзяюся, што гэта зыходзіць не з МЗС, бо нават у таталітарных дзяржавах МЗСы зацікаўленыя ў захаванні і развіцці стасункаў з дэмакратычным светам. Не думаю, каб МЗС раіў відавочнае глупства, такое, як разрыў стасункаў з ЗША. Дзеянні беларускіх улад інакш як правакаваннем Амерыкі на разрыў стасункаў назваць нельга. Такі разрыў адаб'ецца на сувязях Беларусі не толькі з Еўропай, але як ні дзіўна, з Расеяй, з іншымі эканамічна прывабнымі рэгіёнамі свету. Ёсць і іншае, больш небяспечнае тлумачэнне дзеянням афіцыйнага Менска: Лукашэнка свядома ідзе на разрыў стасункаў з ЗША, за якім можа здарыцца разрыў стасункаў з Еўропай, бо ён рыхтуе здачу Беларусі Расеі. І яму патрэбныя вінаватыя ў тым, што гэта адбылося.

– У Бухарэст на саміт НАТА чакаецца прыезд дзейнага прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Чаго можна чакаць ад гэтага візіту?

– Калі гэта адбудзецца, то гэта будзе першы візіт Пуціна на саміт НАТА за ўвесь час яго кіравання. І тут аналітыкі таксама губляюцца ў здагадках: ці будзе гэты выступ Пуціна ў Мюнхене, дзе ён пазначыў палітыку канфрантацыі з Захадам, або ж наадварот ён выкарыстае гэты візіт для паляпшэння стасункаў з Захадам, каб даць Мядзведзеву больш спрыяльную аснову для развіцця гэтых стасункаў. Захад у прынцыпе гатовы да жорсткай лініі Расеі па ўсіх пытаннях, уключна пытанні энергетычнай бяспекі. Палітыка Расеі апошніх гадоў прымусіла Захад даволі сур'ёзна падрыхтавацца да магчымага працягу энергетычнага шантажу. З прычыны таго, што Еўропа з'яўляецца асноўным спажыўцом расейскіх энергарэсурсаў, контрзахады, якія сёння прымаюцца, будуць мець неспрыяльныя наступствы найперш для самой Расеі. Расея сёння актыўна выступае супраць магчымага сяброўства Украіны і Грузіі ў НАТА, аднак расейскія аргументы ўжо менш прымаюцца ў разлік заходнім светам, бо рэпутацыя Расеі моцна падарваная яе антыдэмакратычнай палітыкай унутры краін.