Сёньня ў Варшаве з нагоды Дня салідарнасьці — дзьве падзеі. Каля амбасады Беларусі прайшоў пікет, а а 21-й гадзіне паводле менскага часу ў сталічным клюбе «Знойдзены аб’ект» (Obiekt Znaleziony) пачнецца канцэрт гуртоў, якія граюць музыку ў стылі «фрыстайл».
Некалькі беларусаў, якія жывуць у Варшаве, прыйшлі да будынку пасольства Беларусі з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сьцягамі і партрэтамі зьніклых палітыкаў, палітвязьняў. Да іх далучыліся таксама двое палякаў з намаляваным на картоне цяперашнім афіцыйным сьцягам Беларусі, на якім было напісана «Беларусь — так, Лукашэнка — не».
Удзельнік акцыі запалілі зьнічы каля пастаўленых ля агароджы амбасады партрэтаў зьніклых.
Між тым сябры грамадзкай арганізацыі «Вольная Беларусь» гэтым разам вырашылі адзначыць Дзень Салідарнасьці нетрадыцыйна — яны арагнізавалі канцэрт вядучых польскіх выканаўцаў, якія граюць у стылі «фрыстайл». У клюбе «Знойдзены аб’ект», што ў самім цэнтры Варшавы, а 21-й гадзіне паводле менскага часу выступяць гурты «Proceente», «Muflon», «Flint». Музыкі ў часе выступаў будуць сьпяваць імправізаваныя тэксты на тэму свабоды і дэмакратыі ў Беларусі.
Апоўначы на пляцы Пілсудзкага ўдзельнікі канцэрту выпусьцяць у паветра бел-чырвона-белыя балёнікі.
Радыё Свабода |