Працэс 14-ці: вынікі другога дня

17.04.2008

Сёньня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску працягваўся працэс над актывістамі, якіх абвінавачваюць у грубым парушэньні грамазкага парадку.

Усе маладыя людзі былі затрыманыя за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня ў Менску.

Працэс назвалі «працэсам 14-ці» таму, што ў ім — 14 абвінавачаных. Але чатыры чалавекі — непаўналетні Максім Дашук, Павал Вінаградаў, Аляксандар Баразенка і Міхаіл Субач — паўстануць перад судом крыху пазьней. Яны своечасова не азнаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы, і таму цяпер ня могуць быць дапушчаныя да судовага працэсу.

Другі дзень суду над 10 абвінавачанымі пачаўся з допыту сьведак-міліцыянтаў. Намесьнік кіраўніка менскага ДАІ Максім Падбярэскі назваў акцыю прадпрымлаьнікаў 10 студзеня «вакханаліяй». Ён казаў, што ўдзельнікі акцыі былі п’яныя і ўвесь час нецэнзурна лаяліся, кідаліся ў бойку зь міліцыянтамі. Але ён не адказаў на пытаньне, хто загадаў кіроўцу аўтобусу нумар 69 рухацца на калёну людзей. Самі абвінавачаныя бачылі, што супрацоўнік ДАІ даў знак кіроўцу ехаць на людзей.

Сёньня не далі слова сьведкам з боку абвінавачаных, больш за тое, судзьдзя нават ня стала разглядаць хадайніцтва пра тое, каб дапыталі сьведкаў з боку абароны, хаця абвінавачыя прасілі выклікаць у суд Анатоля Лябедзьку і Ігара Ледніка.

У другой палове дня падначаленыя кіраўніка менскага ДАІ — Андрэй Навумаў, Аляксандар Субач і Андрэй Шарамет, — казалі, што дэманстранты заміналі крыху транспарту, але «хуткія» прапускалі, а потым наагул вызвалілі дзьве паласы руху. Калі Аляксандар Субач на пытаньні абвінавачаных адказваў па-беларуску, судзьдзя Алена Ільіна сказала яму, каб ён гаварыў па-расейску, што выклікала хвалю абурэньня.

Той сьведка, якога запрасіла пракуратура, дырэктар філіялу «Менсктранс» Аляксандар Радзевіч, заявіў, што быў на Кастрычніцкай плошчы, паколькі ведаў, што там адбудзецца акцыя апазыцыі. Ён патлумачыў, што аўтобусамі «Менсктрансу» на Кастрычніцкую плошчу прывозілі школьнікаў, каб яны там каталіся на каўзалях. На пытаньне, чаму туды адвозілі дзяцей, калі ведалі пра несанкцыянаваную акцыю, ён ня даў адказу.

Што тычыцца фота, якія разглядаліся ў якасьці доказных матэрыялаў, то яны зробленыя з апэратыўнай відэастужкі. Судзьдзя Алена Ільіна адзначыла, што ў матэрыялах справы фігуруюць сайты некаторых выданьняў, у тым ліку Tut.by, і тое, што яны пісалі на сваіх галоўных старонках пра гэтую акцыю апазыцыі. Калі судзьдзя камэнтавала гэтыя фатаздымкі, адвакаты заявілі, што гэта ёсьць парушэньнем крымінальна-працэсуальнага кодэксу, бо судзьдзя не экспэрт, і на статычным фатаздымку нельга сказаць, крычыць чалавек, лаецца альбо заклікае да масавых беспарадкаў.

Напрыканцы сёньняшняга паседжаньня ўзьнік амаль што скандал: з матэрыялаў крымінальнай справы вынікае, што пацярпеламу Ігару Сычову, як ён паказаў у рапарце, прад'явілі Андрэя Кіма, якога ён нібыта апазнаў. Але калі ў паказаньнях пацярпелага знайшліся супярэчнасьці, то прадстаўнікі пракуратуры спаслаліся на тое, што пацярпелага не папярэджвалі пра крымінальную адказнасьць.