Віцебск: у Дзень салідарнасьці затрыманыя трое непаўналетніх дзяўчат

17.04.2008

17-гадовых Юлію Міхайлаву і сясьцёр Вікторыю і Крысьціну Чыж міліцыянты забралі ў Кастрычніцкі райаддзел з плошчы Свабоды.

Віцебская апазыцыйная моладзь праводзіла ўвечары 16 красавiка акцыю салідарнасьці з палітзьняволенымі.

Каля дзясятка чалавек сталі ўздоўж ходнікаў з партрэтамі Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма і віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча. Праз 10 хвілін ад пачатку акцыі міліцыянты зьвярнуліся да ўдзельнікаў з патрабаваньнем разысьціся. Трох дзяўчат, якія адмовіліся выканаць гэтае патрабаваньне, супрацоўнікі міліцыі адвезьлі ў пастарунак.

У затрыманых узялі тлумачэньні пра тое, што яны рабілі на плошчы з партрэтамі, прычым міліцыянты трымалі іх у райаддзеле больш за вызначаныя заканадаўствам тры гадзіны. Гэтае парушэньне праваабаронцы і сябры затрыманых зафіксавалі ў кнізе скаргаў, а прадстаўнік БХК Павал Левінаў патэлефанаваў у абласную управу МУС, патрабуючы неадкладна вызваліць няпоўнагадовых.

Амаль праз чатыры гадзіны Юлію Міхайлаву, Вікторыю і Крысьціну Чыж адпусьцілі дахаты са сваякамі, якія забралі іх зь міліцыі. Для ўсіх трох дзяўчат гэта ўжо другое затрыманьне на працягу апошняга месяца: мінулы раз яны трапілі ў пастарунак 24 сакавіка, напярэдадні Дня Волі.