Дакладчык ПАРЭ і МЗС Чэхіі асудзілI прысуды ў «працэсе 14-ці»
26 апреля 2008

Камэнтуючы вынікі працэсу супраць Андрэя Кіма і дзевяці моладзевых актывістаў, дакладчык ПАРЭ па Беларусі А.Рыгоні назваў прысуды неапраўдана жорсткімі.

Паводле А.Рыгоні, прысуды ў «справе 14-і» ўяўляюць сабою злоўжываньне крымінальным заканадаўствам у палітычных мэтах.

Разам з тым сп. Рыгоні нагадаў, што ён надалей «падтрымлівае дыялёг у Беларусі з удзелам самых шырокіх колаў, у тым ліку і ўладаў». Аднак ён папярэдзіў улады, што калі яны не дакажуць канкрэтнымі дзеяньнямі, што яны паважаюць правы чалавека і дэмакратычныя прынцыпы, яны яшчэ больш паглыбяць сваё ізаляцыю.

«Эўропа ніколі не задаволіцца тактычнымі або касмэтычнымі зьменамі», — зазначыў Андрэа Рыгоні.

Міністэрства замежных справаў Чэхіі выступіла сёньня з адмысловай заявай, у якой выказваецца рашучае асуджэньне прысудаў, вынесеных беларускім палітычным актывістам Андрэю Кіму, Сяргею Парсюкевічу і іншым маладым людзям, якія былі асуджаныя толькі за тое, што ўзялі ўдзел у мірнай дэманстрацыі.

У заяве адзначаецца, што беларускія ўлады такім чынам парушаюць правы чалавека, асабліва права выказваньняў і права на свабоду сходаў, і ўпарта працягваюць злоўжываць сыстэмай крымінальнага заканадаўства, што было адзначана ў нядаўнім рашэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

МЗС Чэхіі заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна спыніць судовы перасьлед усіх людзей, затрыманых падчас мірных дэманстрацый, вызваліць усіх палітычных вязьняў паважаць фундамэнтальныя правы чалавека ў адпаведнасьці з міжнароднымі абавязкамі.