Свабода слова: Беларусь памiж Зiмбабвэ i Узбэкiстанам

02.05.2008

Летась паводле Freedom House Беларусь была на 186-м месцы, сёлета — на 188-м. Ужо шмат гадоў краіна знаходзіцца ў катэгорыі несвабодных краін, такіх, у якіх свабодныя мэдыі ці адсутнічаюць наагул ці распаўсюджваюцца ў мізэрнай колькасьці. Нават сярод несвабодных краін, якіх аўтары дакладу налічылі 64, Беларусь знаходзіцца бліжэй да канца сьпісу, у кампаніі з такімі краінамі, як Узбэкістан, Куба, Туркмэністан, Бірма і Паўночная Карэя, якая замыкае сьпіс.

Самыя свабодныя мэдыі паводле Freedom House — у Фінляндыі. ЗША — на 21-м месцы, Літва займае 25-е месца, Латвія — 40-е, Польшча — 51-е. Усе гэтыя краіны ў сэнсе свабоды друку належаць да свабодных. Украіна займае 110-е месца і належыць да катэгорыі часткова свабодных краінаў, і нарэшце Расея, дзелячы 170-е месца з Казахстанам, Суданам і Емэнам трапляе, як і Беларусь, у катэгорыю несвабодных краін.

У адмысловым разьдзеле справаздачы, прысьвечаным Беларусі, адзначаюцца крымінальны перасьлед лідэраў апазыцыі, перасьлед за ўдзел у незарэгістраваных арганізацыях, несвабодныя і несправядлівыя выбары, татальны кантроль за дзейнасьцю дзяржаўных мэдыяў, разнастайныя спосабы перасьледу свабодных мэдыяў, масавае закрыцьцё недзяржаўных арганізацый і незалежных выданьняў.