24 і 26 красавіка маладзёвая ініцыятыва StudAlliance зладзіла інфармацыйную акцыю і флэш-моб на чарнобыльскую тэматыку ў Вільні.
24 красавіка ў вучэбным корпусе Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэта была зладжана акцыя «Чарнобыль у кожным з нас!». У холе унівэрсытэту быў усталяваны кампутар з відыёпраэктарам. Цягам чатырох гадзін былі паказаны шматлікія ролікі на чарнобыльскую тэматыку, а таксама распаўсюджаны інфармацыйныя ўлёткі. Літоўскія студэнты з цікаўнасьцю назіралі за акцыяй і падыходзілі да відыёпрагляду.
26 красавіка, каля амбасады Рэспублікі Беларусь у Літве была зладжана вахтавая акцыя. Спачатку мерапрыемства распачалі чальцы маладзёвага крыла АГП, разам з міжнароднымі прадстаўнікамі. Яны раздавалі мінакам улёткі на расейскай й ангельскай мовах. На прыканцы акцыі прадстаўнікі амбасады выклікалі паліцыю. На гэтым акцыя скончылась.
Літаральна праз гадзіну, неўзіраючы на пільны кантроль за беларускай амбасадай з боку паліцыі, віленчукі і сябры StudAlliance запалілі сьветачы і павесілі плякат з надпісам «Чарнобыль у кожным з нас! Не АЭС!». Мінакі са спагадаю назіралі за флэш-мобам і актыўна фатаграфавалі падзеі. Акцыя была скончана, калі супрацоўнік амбасады падыйшоў да ахоўніка і загадаў зняць плякат з дроту амбасады.
Прэс-служба МФ
|