Як шукаюць зьніклых у Польшчы?

14.05.2008

Штогод у Польшчы зьнікае больш за 20 тыс. чалавек. Прычым кожны год гэтая лічба павялічваецца.

Найбольшай групай сярод зьніклых зьяўляюцца дзеці ва ўзросьце ад 14 да 17 гадоў. Летась было іх больш за 10 тыс. асоб.

Зьніклых у Польшчы шукае паліцыя ды грамадзкія арганізацыі. Найбуйнейшай сярод іх зьяўляецца ІТАКА.

Івона Выганоўска, якая працуе ў групе пошукаў і ідэнтыфікацыі згаданага NGO, падкрэсьлівае, што асноўным мэтадам пошукаў людзей у Польшчы зьяўляюцца публікацыі ў СМІ.

І. Выганоўска: Мы супрацоўнічаем як са штодзёнкамі, так і з часопісамі. Публікуем здымкі зьніклых, асноўную інфармацыю пра іх. Заўсёды напрыканцы падобнай публікацыі пакідаем нумар тэлефону, адрас электроннай пошты ІТАКІ. Інфарматары, якія пазнаюць зьніклага чалавека на здымку й ведаюць што-колечы пра яго лёс, могуць нам патэлефанаваць і перадаць інфармацыю. Гэтыя паведамленьні аналізуем і перадаем сям'і, калі атрыманая намі інфармацыя будзе дапаможнай у пошуках. Калі ёсьць такая неабходнасьць, перадаем яе таксама паліцыі.

Я хачу падкрэсьліць, што калі інфарматар зазначае, што хоча застацца ананімным, мы заўсёды спаўняем гэтую просьбу.

Публікацыі аб зьніклых зьяўляюцца ў прэсе бясплатна, — зазначае Івона Выганоўска. Гэта добрая воля выдаўцоў. Дарэчы, бясплатнай зьяўляецца поўная дапамога ІТАКI для сям'і зьніклага. Часткова фундацыя дзейнічае па прынцыпу валянтэрства.

І. Выганоўска: Штогод займаемся больш за тысячу зьнікненьнямі. І такой колькасьці сем'яў зьніклых немагчыма дапамагчы выключна сіламі валянтэраў. У пошукавай групе працуе каля 10 чалавек на штатах і падобная колькасьць валянтэраў.

ІТАКА супрацоўнічае з замежнымі арганізацыямі, напрыклад, зь Missing People у Англіі, з галяндзкім Чырвоным крыжам. На жаль, ня ў кожнай эўрапейскай краіне існуе няўрадавая арганізацыя, якая займаецца пошукам зьніклых людзей. У Беларусі падобнай арганізацыі няма. Пацьвярджае гэта праваабаронца Алесь Бяляцкі.

А. Бяляцкі: У нас кожны год падаеццца каля тысячы заявак сваякоў, калі хтосьці з дому зьбягае, зьязджае, зьнікае па розных жыцьцёвых выпадках, але рэальна гэтым займаецца ўсё ж такі толькі міліцыя. Бо якія ёсьць мэханізмы ў грамадзкіх арганізацыяў, каб шукаць нейкага дзядзю Пецю, які пайшоў з дому й забыў, дзе ён жыве?

Івона Выганоўска, спэцыяліст па замежных пошуках зьніклых з польскай арганізацыі ІТАКА, на пачатку гэтага году мела дачыненьне са зьнікненьнем грамадзяніна Польшчы ў Беларусі.

І. Выганоўска: Вялікую дапамогу нам аказала польскае консульства ў Беларусі. Чалавек знайшоўся й вярнуўся на радзіму. У гэтым выпадку мы стараліся каардынаваць дзейнасьць розных службаў, утрымлівалі сувязь зь мясцовай міліцыяй, зь сям'ёю зьніклай асобы й з польскім консульствам. Такім чынам мы дапамаглі стварыць хуткі абмен інфармацыяй, што й давяло да высьвятленьня справы. Вельмі часта бывае так, што калі міліцыянт у невялікай беларускай мясцовасьці сустракаецца зь нетыповым зьнікненьнем, а зьнікненьне іншаземца — гэта нетыповая сытуацыя, ён ня ведае, што рабіць. Ня ведае, што можа патэлефанаваць у консульства за дапамогай. Ня ведае замежнай мовы, каб праверыць некаторую інфармацыю. Якраз у гэтым выпадку зьнікненьня ў Беларусі нам моцна дапамог Інтэрпол.

Арганізацыі ІТАКА штогод удаецца высьвятліць каля 70% справаў, перш за ўсё датычных зьнікненьняў звычайных грамадзян Польшчы. Калі ж аказваецца, што ў пэўных зьнікненьнях у справу замяшаныя палітыкі альбо службовыя асобы, і пра гэта паведамляюць СМІ, зьнікненьне разглядаецца на грамадзкім форуме, а чыноўнікі, зьвязаныя са справай любым чынам, прыкладаюць шмат намаганьняў для яе высьвятленьня. Вось цяпер публічна вырашаецца пытаньне захопу й забойства сына вядомага польскага прадпрымальніка. Справа трапіла аж у парлямэнт.

А ў Беларусі адно толькі грамадзтва памятае пра зьніклых палітычных апанэнтаў уладаў і дамагаецца вырашэньня пытаньня. Затое ўлады прыкладаюць усе сілы, каб «прыкрыць» адказных у зьнікненьні Ю. Захаранкі, А. Красоўскага, В. Ганчара й З. Завадзкага. Пра намаганьні беларускіх арганізацый у справе беларускіх вядомых зьнікненьняў расказвае Алесь Бяляцкі.

А. Бяляцкі: Адразу палітычныя партыі й грамадзкія арганізацыі гаварылі пра тое, што гэтыя зьнікненьні маюць палітычны кантэкст і падтэкст, але ніякіх канкрэтных дадзеных не было. На розных міжнародных узроўнях — на сустрэчах АБСЭ, у Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы — заўсёды пра гэта гаварылася. У выніку пры Радзе Эўропы была створана Камісія па зьнікненьнях палітычных апанэнтаў у Беларусі. Гэтую камісію напачатку ачольваў Хрыстас Пургурыдэс, юрыст з Кіпру, а Сяргей Кавалёў быў чальцом гэтай камісіі. Калі Пургурыдэсу ўлады Беларусі не дазволілі ўехаць, то сюды прыяжджаў Сяргей Кавалёў. Праваабарончыя арганізацыі давалі яму прозьвішчы, з кім трэба сустрэцца, падказвалі накірункі сьледзтва. Кавалёў зьбіраў тут матэрыял, а Пургурыдэс на гэтай падставе падрыхтаваў знакаміты даклад па зьніклых, які выйшаў у 2004 годзе. На базе фактаў, такіх як паказаньні сьледчых, якія праводзілі пошукавыя дзеяньні КДБ (яны ўцяклі ў Нарвэгію), паказаньні генэрала, які праводзіў сьледзтва й на базе рапартаў якога праводзіліся арышты сярод людзей зь сілавых структураў, верагодна, вінаватых у гэтых зьнікненьнях (потым яны былі выпушачныя па асабістым загадзе Лукашэнкі — Дзьмітры Паўлючэнка — камандзір брыгады асобнага прызначэньня, які зьнішчаў палітычных апапнэнтаў), паказаньні Алкаева (уцёк у Нямеччыну), начальніка турмы, у якой знаходзіўся пісталет, зь якога, праўдападобна, адбываліся гэтыя расстрэлы.

На базе гэтых неверагодных, здавалася б, паказаньняў былі вызначаныя прозьвішчы прыкладных удзельнікаў ці людзей, якія штосьці ведалі па гэтай сытуацыі. Выснова Пургурыдэса была адназначная, што нітачкі гэтых зьнікненьняў вядуць у самыя верхнія эшалёны беларускай улады. Гэта былі ў той час міністар унутраных справаў Сівакоў, генэральны пракурор Шэйман ды іншыя асобы ў вярхушках улады.

Алесь Бяляцкі мяркуе, што шырокавядомая справа зьніклых у Беларусі ня будзе высьветлена, пакуль не памяняецца ўлада.

Неўзабаве, бо 16 траўня зноў успыхнуць сьвечкі ў розных кутках сьвету ў знак салідарнасьці зь сем'ямі зьніклых ў Беларусі.