Алена Захаранка: Я бачу тату ў сьне, трымаю яго за руку

18.05.2008

Госьця “Начной Свабоды” — дачка зьніклага 7 траўня 1999 году палітыка, былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юр’я Захаранкі Алена. Ёй 33 гады, яна жыве цяпер у Нямеччыне, гадуе сына.

Караткевіч: Алена, ці спадзеяцеся вы на тое, што справа зьнікненьня вашага бацькі ў сучаснай Беларусі будзе раскрытая?

Захаранка: Расьсьледаваньня абсалютна ніякага не вядзецца. Мінулася дзевяць гадоў. За гэты час не названыя ні выканаўцы, ні заказчыкі гэтага страшнага злачынства. І дасюль тату не прызналі памерлым...

Караткевіч: Каго канкрэтна вы лічыце вінаватым у гэтым злачынстве?

Захаранка: Я і ўся мая сям'я лічым вінаватай дзейную ўладу.

Караткевіч: Некаторыя прадстаўнікі апазыцыі вінавацяць вашага бацьку ў тым, што ён меў, скажам, дачыненьне да разгону 12 красавіка 1995 году дэпутатаў Вярхоўнага Савету XII скліканьня. Як вы рэагуеце на такія абвінавачаньні?

Захаранка: Скажэце, калі ласка, ці можа чалавек, у якога паняцьці гонару і годнасьці непадзельныя, пасьля ўчыненай подласьці прыйсьці зноў да людзей? Як ён мог бы пасьля глядзець ім у вочы? Ці маглі б увогуле ў Раду афіцэраў пайсьці за ім людзі?

Увогуле ўсе, хто ведаў майго бацьку, не задаюць такіх пытаньняў, бо і так усё ясна. Напэўна, такіх патрыётаў сваёй радзімы, як мой бацька, вельмі мала...

Знаходзячыся пры ўладзе, ён разумеў, што ўлада ідзе недэмакратычным шляхам. Таму яго і зьнялі з пасады міністра ўнутраных справаў. Яго адхіліў Лукашэнка.

Караткевіч: Жывучы ў Беларусі, вы працавалі ў органах Міністэрства ўнутраных справаў. У прыватнасьці, кантактавалі зь вельмі цяжкімі падлеткамі. Чаму вы пакінулі гэтую працу ў Менску?

Захаранка: Знаходзячыся ў Беларусі, я не змагла б працягваць сваёй працы... Не змагла б, напрыклад, спакойна глядзець, як маіх калегаў вучаць умела зьбіваць людзей – зьбіваць так, каб пасьля не было відаць сьлядоў, каб не было сінякоў. Гэта было проста антымаральна — знаходзіцца там.

Караткевіч: Алена, гэта ваш бацька прапанаваў вам ці параіў працаваць таксама ў органах унутраных справаў, ці вы зрабілі свой выбар?

Захаранка: Магчыма, гэта дынастыя.

Караткевіч: Вы лічыце, бывае дынастыя ў такой сфэры?

Захаранка: Думаю, бывае...

Я хацела б скарыстацца гэтай магчымасьцю і падзякаваць моладзі, якая цяпер не баіцца і выходзіць на вуліцы, а таксама хоча ўвекавечыць памяць майго бацькі. Я вельмі ўзварушаная. Вы ведаеце, каб нехта неяк у мяне спытаўся, ці хацела б я мець іншы лёс або іншага бацьку, я б сказала “не”. Мне выпаў гонар, што я вырасла з такім чалавекам і што ён у мяне ў сэрцы.

Караткевіч: Калі мы дамаўляліся на інтэрвію, вы казалі пра тое, што ён вам сьніцца...

Захаранка: Ён мне сьніцца. Магчыма, яшчэ й таму, што, калі я іду ў царкву, я ня ведаю, у які кут мне паставіць сьвечку: ці то за спачын, ці то за здароўе. Мы знаходзімся цяпер паміж небам і зямлёю. Мы не пахавалі таты, мы ня бачылі яго цела. Таму часам я бачу тату ў сьне, трымаю яго за руку, кажу: “Тата, я не хачу прачынацца, скажы мне, дзе ты, хачу дазнацца нарэшце, пакажы, адкрый нам вочы, мы ня можам больш у такім няведаньні”.

Нам вельмі цяжка. Нам цяжка хаця б таму, што мы знаходзімся не ў сябе дома. Бо ж, як кажуць, у сваёй хаце й вуглы памагаюць. Мы знаходзімся сярод людзей зь іншым мэнталітэтам, сярод абсалютна чужых людзей, якія радуюцца, сьмяюцца і не разумеюць, што ў цябе на душы. І мы ня можам нават нікому пра сваю бяду расказаць.

Цяпер у гэтай гутарцы я трошачкі аддаю свой боль беларусам, таму што аднаму заўжды вельмі цяжка зносіць такія пакуты, пагатоў што тата аддаў жыцьцё за сваю бацькаўшчыну. Гэта, мабыць, крыху патэтычна гучыць, але гэта так. Усё яго жыцьцё было зьвязана з радзімаю.

Караткевіч: Якім ён быў чалавекам, спэцыялістам?..

Захаранка: Я магу сказаць, што практычна мы яго ніколі ня бачылі дома. Ён знаходзіўся на працы: колькі раскрыў злачынстваў, валодаў абсалютна ўсімі пытаньнямі, зьвязанымі зь сьледчым апаратам. Ён проста быў чалавек сваёй справы...

Караткевіч: Як ён выказваўся пра цяперашні рэжым у Беларусі?

Захаранка: Ён канкрэтна гаварыў, што першы злачынца знаходзіцца пры ўладзе, што ўлада злачынная, што прыйшла да ўлады хунта, што ўсталявалася дыктатура. Такія ацэнкі ў нас дома ўвесь час гучалі.

Караткевіч: Але ён больш за год быў міністрам унутраных справаў. Чаму ён тады нічога не зрабіў, каб гэта памяняць?

Захаранка: Знаходзячыся на пасадзе міністра ўнутраных справаў, ён яшчэ ўсяго да канца не разумеў... Недзе, я думаю, праз паўгоду ён стаў разьбірацца, убачыў, што ж адбываецца ў Беларусі. Ён ня быў тады палітыкам, ён быў чалавекам сваёй справы — сумленным чалавекам, які змагаўся з крыміналам.