Супрацоўнікі АМАПу выціснулі з Кастрычніцкай плошчы Менску ўдзельнікаў акцыі салідарнасці 16 мая. Людзі выйшлі на плошчу з патрабаваннем вызваліць палітвязняў.
У акцыі салідарнасці прынялі ўдзел больш за 60 чалавек, якія сталі ланцугом на Кастрычніцкай плошчы, трымаючы ў руках партрэты палітзняволеных Аляксандра Казуліна, Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча, а таксама ўдзельнікаў «Працэсу 14-ці» — актывістаў, асуджаных за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў.
Роўна месяц таму, 16 красавіка, у судзе Цэнтральнага раёна Менску пачаўся судовы «Працэс 14-ці». 10 чалавек ужо асуджаныя. Сямёра з іх прысуджаныя да абмежавання волі на два гады без накіравання ў спецкамендатуру, двое аштрафаваныя. Андрэй Кім пазбаўлены волі на паўтара гады. 23 мая ў судзе Цэнтральнага раёна Менску пачнецца суд над астатнімі фігурантамі «справы 14-ці».
У акцыі салідарнасці ўдзельнічалі асуджаныя па «справе 14-ці» актывісты. Сярод іх — актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Таццяна Цішкевіч і Алесь Чарнышоў, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Міхаіл Пашкевіч, Міхаіл Крываў, актывіст «Маладога Фронта» Уладзімір Сяргееў. На плошчу таксама выйшлі іншыя актывісты «Еўрапейскай Беларусі», «Маладога Фронта», АГП, партыі БНФ і простыя жыхары Менску.
Як толькі ўдзельнікі акцыі сталі з партрэтамі, да іх падыйшоў супрацоўнік міліцыі ў цывільным у суправаджэнні двух дзесяткаў супрацоўнікаў АМАПу. Міліцыянт праз мегафон заявіў, што акцыя несанкцыянаваная і заклікаў людзей разыйсціся. Пасля гэтага амапаўцы сыйшлі з плошчы. У гэты час удзельнікі акцыі прад’явілі супрацоўніку міліцыі пастанову Вярхоўнага суда, у якой гаворыцца, што выхад з партрэтамі на вуліцы Менску не з’яўляецца несанкцыянаваным мерапрыемствами і не парушае ніякіх законаў.
Аднак, не гледзячы на гэта, праз 10 хвілін на плошчу вярнуліся два дзесяткі амапаўцаў, якія сталі выцясняць людзей з плошчы. Удзельнікаў акцыі вялі «пад канвоем» да Белдзяржцырку. Вярнуцца назад на Кастрычніцкую плошчу людзям не дазволілі.
Хартыя`97
|