У Нямеччыне згадалi беларускiх зьнiклых i палiтвязьняў

20.05.2008

У нямецкім горадзе Мюнстэр прайшла акцыя салідарнасці з ахвярамі рэпрэсій у Беларусі. Пра гэта паведаміла заяўляльніца пікета, актывістка Руху «За Свабоду» з Брэста Інга Абрамава.

Па словах брэсцкага праваабаронцы Рамана Кісляка, акцыя адбылася 16 мая у цэнтры Мюнстэра каля гарадской ратушы. Удзельнікі пікета, грамадзяне Беларусі, Германіі, Польшчы, Румыніі, трымалі ў руках плакаты, на якіх было напісана на нямецкай мове: «Беларусі патрэбна еўрапейская салідарнасць» і «Разам мы зможам зрабіць Беларусь свабоднай».

Удзельнікі акцыі разгарнулі партрэты беларускіх палітзняволеных: экс-кандыдата ў прэзідэнты лідэра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандра Казуліна, актывістаў апазіцыі Андрэя Кіма і Сяргея Парсюкевіча, а таксама зніклых вядомых людзей у Беларусі — Юрыя Захаранку, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і журналіста Дзмітрыя Завадскага.

З чырвоных і белых свечак актывісты выклалі бела-чырвона-белы сцяг і лічбу 16. Менавіта 16 верасня 1999 года былі скрадзены Анатоль Красоўскі і Віктар Ганчар. Мінакам раздавалі улёткі з інфармацыяй пра сітуацыю ў Беларусі.

— Дарэчы, дазвол на пікетаванне брэсцкая актывістка атрымала ў мясцовай паліцыі па тэлефоне, — падкрэсліў праваабаронца.