Актывіст грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Павел Юхневіч завочна прысуджаны да 7 сутак арышту за ўдзел у афіцыйным мітынгу 1 мая. Нагадаем, што такія ж завочныя прысуды былі вынесеныя ў Першамайскім судзе Менска лідэрам "Маладога Фронту" Зміцеру Дашкевічу і Артуру Фінькевічу.
"Выкрыківаў лозунгі, заклікі аб далучэнні Беларусі да Еўразвяза, чым парушыў усталяваны парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў у Рэспубліцы Беларусь", — гаворыцца ў пастанове суда Першамайскага раёна аб арышце Паўла Юхневіча.
Неабходна адзначыць, што ні разу пасля 1 мая ні Паўла Юхневіча, Зміцера Дашкевіча, ні Артура Фінькевіча ніхто не выклікаў ні ў суд, ні ў РАЎС. Пры гэтым, паводле ч.1 артыкула 11.4 Працэсуальна-адміністрацыйнага Кодэкса, суд не мае права разглядаць справу ў адсутнасці абвінавачанага, акрамя сітуацыі, калі абвінавачаны прызнаў сваю віну альбо неаднаразова ігнараваў позвы ў суд. Паводле Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, рашэнне суду Першамайскага раёна супярэчыць закону і не з'яўляецца правамоцным.
Больш за 100 актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" дашлі 1 мая да Нацыянальнай бібліятэкі і ўзнялі на афіцыйным мітынгу дзясяткі еўрапейскіх сцягоў. 1 мая афіцыйна святкуецца ў Беларусі як Дзень Працы. Да таго ж, дата мае вялікае значэнне, як для Еўропы, так і для Беларусі: чатыры гады таму у Еўразвяз увайшлі 10 новых дзяржаваў і межы ЕЗ пашырыліся да нашай краіны.
Як толькі на месцы афіцыйных святкаванняў сярод чырвона-зялёных сцягоў з'явіліся сцягі Еўразвяза, да апазіцыянераў падбеглі супрацоўнікі АМАПу. Амапаўцы выхоплівалі сцягі Еўразвяза ў актывістаў, ламалі дрэўкі і адбіралі сінія палотнішчы з зоркамі.
Усяго падчас афіцыйнага мітынгу былі затрыманыя каля 30 чалавек. Раней за гэтую ж акцыю адбыў 15 сутак арышту адзін з лідэраў "Еўрапейскай Беларусі" Мікола Статкевіч.
Нагадаем, што заўтра ў Менску адбудзецца паседжанне Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Раніцай 23 мая ў Менск прыбудзе прэм'ер-міністр Расеі Ўладзімір Пуцін. Не выключана, што завочныя суды над моладзевымі лідэрамі звязаныя менавіта з прыездам у Менск экс-прэзідэнта Расеі. Падчас апошняга візіту расейскага кіраўніка ў Менск актывісты "Еўрапейскай Беларусі" сустрэлі яго акцыяй пад лозунгам "Пуцін, Go Home!".
Хартыя`97
|