Еўрапейская народная партыя асуджае арышты палітычных апанентаў у Беларусі і падрыхтавала праект рэзалюцыі аб парушэннях правоў чалавека.
«Сітуацыя з дэмакратыяй, правамі чалавека і вяршынствам закона не паляпшаецца, а наадварот, пагаршаецца. Беспадстаўныя арышты актывістаў апазіцыі і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці (уключна з нядаўнім затрыманнем і судом над А.Мілінкевічам) разам з ціскам на незалежныя СМІ супярэчыць рыторыцы беларускага ўраду аб яго жаданні палепшыць стасункі з Еўрапейскім Саюзам,» — гаворыцца ў заяве, распаўсюжанай Еўрапейскай народнай партыяй.
Яцэк Пратасевіч, старшыня парламенцкай дэлегацыі па стасунках з Беларуссю адзначыў: «Абсалютна відавочна, што выкананне дэмакратычных нормаў з’яўляецца галоўным ключавым момантам ў нармалізацыі стасункаў з Беларуссю. Пакуль беларускія ўлады трымаюць у турме Аляксандра Казуліна, затрымліваюць і арыштоўваюць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і незалежных журналістаў, мы не можам паверыць у сур’ёзнасць іх намераў паляпшаць стасункі з ЕС».
Еўрапейская дэмакратычная партыя асуджае жорсткія прысуды Сяргею Парсюкевічу і Андрэю Кіму, вынесеныя 22 і 23 красавіка ў Мінску за іх удзел у дэманстрацыі прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 года; асуджае затрыманні журналістаў незалежных СМІ, вобшукі ў іх кватэрах, канфіскацыю і псаванне іх маёмасці супрацоўнікамі беларускіх спецслужбаў. Таксама выражае вялікае шкадаванне адносна шматразовага злоўжывання сілай органамі аховы парадку Беларусі ў дачыненні да ўдзельнікаў мірнай дэманстрацыі 25 сакавіка 2008 года ў гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
«Мы заклікаем беларускія ўлады ўстрымацца ад усіх формаў ужывання сілы супраць прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў,» — адзначаецца ў заяве.
Зараз самая буйная еўрапейская партыя падрыхтавала праект рэзалюцыі аб парушэннях правоў чалавека, дэмакратыі і вяршынства закона, якая будзе разглядацца ў Еўрапейскім Парламенце.
http://by.milinkevich.org
|