20 гадоў таму сьвет уведаў пра Курапаты
3 июня 2008

Публікацыя ў тыднёвіку “ЛіМ” артыкулу “Курапаты — дарога сьмерці” сталася адкрыцьцём праўды аб сталінскіх рэпрэсіях. Як паўплывала гэтая праўда на лёс Беларусі?

Па курапацкай справе за апошнія 20 гадоў было праведзена 4 афіцыйныя сьледзтвы паводле патрабаваньняў розных грамадзкіх арганізацыяў. Працавалі спэцыялісты з Генэральнай пракуратуры, Вайсковай пракуратуры, навукоўцы. Усе яны прыйшлі да адназначнага заключэньня, што расстрэлы тут вяліся органамі НКВД на працягу 1930-х гадоў і да пачатку вайны 1941-45 гадоў. Заключэньне апошняга сьледзтва дагэтуль не апублікаванае.

Артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога сьмерці” быў надрукаваны ваццаць год таму ў газэце “Літаратура і мастацтва”.Менавіта гэтае выданьне, чыім галоўным рэдактарам быў паэт Анатоль Вярцінскі, напрыканцы 1980-х гадоў, у пару гэтак званай перабудовы, было адным з самых сьмелых і рашучых у адстойваньні ідэяў нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі.

Вярцінскі: “Наколькі я памятаю, асаблівага страху адносна таго, ці друкаваць артыкул, не было. Быў іншы страх — страх перад тымі фактамі, перад тым жудасным малюнкам, якія адкрывалі аўтары. Гэта не магло не прывесьці ў шок. Але ў мяне не было ніякіх сумневаў адносна публікацыі. Я разумеў, што гэта абавязкова трэба друкаваць, хаця ў той час мы хадзілі пад уладай ЦК КПБ. Але быў разгар перабудовы зь яе ўстаноўкамі на галоснасьць і дэмакратыю”.

Археоляг Мікола Крывальцэвіч, удзельнік раскопак у Курапатах, перакананы, што за 20 мінулых гадоў з пункту гледжаньня дасьледаванасьці Курапатаў зроблена вельмі мала:

“Дакладна ўстаноўлена, што расстрэлы ў Курапатах і пахаваньні забітых людзей зьдзяйсьняліся ў 30-я гады. Гэта толькі пачатак расьсьледаваньня Курапацкай справы: трэба ведаць, каго расстрэльвалі, хто расстрэльваў, адкуль людзей прывозілі, якія фармальныя справы ім інкрымініравалі... Работы вялікая колькасьць. А Курапаты — гэта толькі адзін пункт на карце Беларусі, дзе вяліся расстрэлы. Каля кожнага вялікага горада былі месцы, дзе расстрэльвалі людзей. Трэба шукаць гэтыя месцы, дасьледаваць іх.

Цяпер вялікая праца кладзецца на плечы грамадзтва ў адстойваньні праўды пра Курапаты і пра сталінскія рэпрэсіі. Справа ў тым, што ў Беларусі практычна прыпыненыя ўсю дзейнасьць, зьвязаную з раскрыцьцём сталінскіх рэпрэсіяў. Грамадзтва мусіць дамагацца далейшага адкрыцьця той праўды”.

Спадар Крывальцэвіч распавёў пра сваё самае моцнае ўражаньне ад працы ў Курапатах:

“Уражаньне роспачы, безнадзейнасьці тых людзей, якіх расстралялі, якія не маглі сябе абараніць. І грамадзтва, у якім мы жылі і ў якім мы жывём, таксама ня можа абараніць сябе і кансалідавацца ў часе перасьледаў. Тады людзей стралялі сотнямі тысяч... Самае ўражальнае, што я бачыў тады пад час гэтых эксгумацый — як тысячы бязьвінна расстраляных людзей ляжаць у магілах, і нікому да гэтага справы няма. Шкада, што многія беларусы не ведаюць пра гэтае месца, а некаторыя і ня хочуць ведаць. Гэта тая рэальнасьць, у якой мы жывём і відаць яшчэ доўга будзем жыць”.

За 20 гадоў улады так і не паставілі помніка ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў у Курапатах, хоць такое абяцаньне было зробленае яшчэ ўрадам БССР. Цяпер у Курапатах зроблены ўнікальны мэмарыял — народны.

Актывіст Кансэвартыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі расказвае, як паўстала ідэя стварэньня народнага мэмарыялу.

“Старшыня нашай партыі Зянон Пазьняк меў даўнюю мару стварыць у Курапатах мэмарыял, былі розныя праекты, распрацоўкі, але паколькі цяпер ва ўладзе знаходзяцца нашчадкі тых, хто расстрэльваў, то ім гэта не патрэбна. Калі стала зразумела, што ніякіх зрухаў ад уладаў ня будзе, кіраўніцтва партыі прыняло рашэньне аб стварэньні ў Курапатах народнага мэмарыялу. Мы паставілі за мэту паставіць на магілах крыжы, упарадкаваць тэрыторыю. Каб было сьветла і чыста. Зьбіралі ахвяраваньні па ўсёй Беларусі. Гэтыя сродкі выкарыстоўваліся на набыцьцё дрэва, зь якога рабілі крыжы, і такім чынам народны мэмарыял пачаў стварацца. І ўсталяваньне крыжоў працягваецца дасюль, там забітыя тысячы людзей, а згодна з хрысьціянскай традыцыяй кожная душа павінна быць увасоблена ў крыжы. Таму гэтая праца будзе працягваецца, да яе далучаюцца новыя людзі, моладзь”.

Мая Кляшторная ўпершыню даведалася пра Курапаты з той самай публікацыі ў “ЛіМе”. Яна перакананая, што ў гэтым лесе ляжыць яе рэпрэсаваны бацька — паэт Тодар Кляшторны. Хоць дакумэнтальнага пасьведчаньня аб месцы пахаваньня Кляшторнага няма. Як і ў адносінах да многіх іншых мільёнаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Тодар Кляшторны быў расстраляны разам зь іншымі літаратарамі і дзеячамі культуры 30 кастрычніка 1937 году.

Расказвае Мая Кляшторная:

“3 чэрвеня 1988 году я купіла газэту “Літаратура і Мастацтва” і мы з мужам пайшлі у электрычку. Там я разгарнула газэту і сама не ведаю як пачала ўголас чытаць. Настолькі моцнае ўражаньне было ў мяне і ў людзей, якія слухалі... Карацей, мы не змаглі ехаць і вярнуліся дадому. Гэта для мяне было адкрыцьцё, дзе мой бацька ляжыць... Думалася тады, а колькі ж іх было тады асуджаных на 10 гадоў бяз права перапіскі, тых, якія так і не вярнуліся...”

Мая Кляшторная прыйшла на першы мітынг у Курапатах 20 гадоў таму, а пазьней шмат разоў там бывала, удзельнічала ці не ва ўсіх жалобных шэсьцях на Дзяды. Сёньня пасьля 17 гадзіны яна зноў зьбіраецца прыйсьці на гэтае жалобнае месца.

“У мяне быў там стан такі, што ногі і рукі падкошваюцца. Яны ў мяне падкошваюцца заўсёды, калі я там бываю. Я шмат гадоў проста там маўчала, не магла гаварыць. Там усё ўсплывае: прысуд на 10 год бяз права перапіскі, рэабілітацыйны дакумэнт, што прысуд выкананы, а потым ён рэабілітаваны... А дзе ж чалавек? Я яго чакала ўсё жыцьцё, а прыгавор прыведзены ў выкананьне... Я аб гэтым ноч думаю, калі я маю прыехаць у Курапаты. Нават калі і справамі займаюся, то ў мяне ноч амаль што бяз сну. Таму што ўжо яны не адпускаюць мяне...”

Зь верасьня 2001 году па чэрвень 2002-га ў адказ на рашэньне ўладаў правесьці рэканструкцыю Менскай кальцавой аўтадарогі, якая закранала і ўрочышча Курапаты, апазыцыя правяла шматдзённую вахту абароны мэмарыялу.

Палітык Вячаслаў Сіўчык, адзін з арганізатараў абароны Курапатаў, гэтак ацэньвае тыя падзеі:

“Гэты чын быў вельмі важны для Беларусі. Нагадаю, што гэта адбывалася на фоне расчараваньня вынікамі пэсаўдавыбараў прэзыдэнта 2001 году, калі грамадзтва было разгубленае. І мужнасьць беларускай моладзі тады паказала, што нават у такіх сытуацыях ёсьць іншы шлях, беларускі шлях. Тое, што моладзь здолела абараніць Курапаты, — гэта сталася сыгналем да беларускага грамадзтва, што трэба змагацца ў любых умовах. А 20 гадоў таму інфармацыя пра Курапаты таксама сталася сыгналем для грамадзтва, заклікам да змаганьня за праўду. І як вынік гэтага змаганьня паўстаў Беларускі Народны Фронт як нацыянальных рух навейшай гісторыі”.

Паводле розных зьвестак, у Курапатах пахавана ад некалькіх дзясяткаў тысяч да 200 тысяч забітых. Пакуль закрытыя спэцархівы, дакладных зьвестак пра колькасьць ахвяраў Курапатаў, як і іншых падобных месцаў няма.

Гаворыць гісторык Міхась Чарняўскі:

“Дастаткова пра Курапаты мы будзем ведаць тады, калі адкрыюцца ўсе спэцыяльныя архівы, дзе зафіксаваныя прозьвішчы расстраляных і расстрэльныя месцы. Мы пакуль што ведаем дзясятую частку таго, што хаваюць Курапаты, можа нават менш. Мы практычна не ведаем, адкуль людзей прывозілі сюды, колькі расстралялі жыхароў Заходняй Беларусі, колькі зьнішчылі людзей у 30-я гады, колькі перад вайной... Раскапаныя парэшткі маўклівыя, яны амаль нічога не гавораць... А ёсьць жа іншыя месцы расстрэлаў Благаўшчына па Магілёўскай шашы, на якой гарадзкая звалка зробленая, Лошыца, Парк Чалюскінцаў, былы Ваньковіцкі лес”.

На думку спадара Чарняўскага, праўда пра Курапаты 20 гадоў таму дала вельмі моцны штуршок разьвіцьцю працэсаў у беларускім грамадзтве:

“Курапаты тады паўзьдзейнічалі вельмі моцна, і цяпер яны ўзьдзейнічаюць. Іх уплыў на дэмакратычныя працэсы ў Беларусі захоўваецца і будзе мацнець, калі там у будучыні зьявяцца вялікі мэмарыял, калі на сотнях такіх Курапатаў будуць пабудаваныя мэмарыялы, то гэты ўплыў несумнена будзе мацнець”.

 

Валер Каліноўскі
Радыё Свабода