Буш: ЗША працягнуць санкцыі яшчэ на год

08.06.2008

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш абвясьціў аб працягу яшчэ на год санцыяў ЗША супраць 10 асобаў у кіраўніцтве Беларусі, паведаміў БелаПАН.

У паведамленьні, распаўсюджаным прэсавай службай Белага дому, гаворыцца, што санкцыі былі ўведзеныя ў дачыненьні да асобаў, якія «падрываюць дэмакратычныя працэсы ці інстытуты, парушаюць правы чалавека... і зьяўляюцца ўцягнутымі ў дзяржаўную карупцыю».

Санкцыі вырашана працягнуць у сувязі з тым, што, паводле кіраўніцтва Белага дому, дзеяньні афіцыйных прадстаўнікоў Беларусі, на якіх распаўсюджваюцца санкцыі, «па-ранейшаму ствараюць асаблівую і выключную пагрозу нацыянальнай бясьпецы і зьнешняй палітыцы ЗША».

Да ўказу прыкладаецца сьпіс прозьвішчаў гэтых дзесяці асобаў. Гэта прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, намесьніца кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч, міністар юстыцыі Віктаў Галаванаў, старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандар Зімоўскі, былы старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, дзяржсакратар Рады бясьпекі Віктар Шэйман, камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС Дзьмітры Паўлічэнка, міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў, кіраўнічка Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Нагадаем, санкцыі супраць 10 беларускіх чыноўнікаў былі ўведзеныя ў чэрвені 2006 году і ўключаюць «блякаваньне ўласнасьці» гэтых асобаў, якая знаходзіцца ў юрысдыкцыі ЗША, а таксама забарону амэрыканскім кампаніям і прыватным асобам заключаць зь імі ўгоды.