Распачаў работу сайт грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»

09.06.2008

Распачала работу Інтэрнет-старонка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Сайт вітае наведвальнікаў па адрасе www.europeanbelarus.org

На сайце месціцца інфармацыя аб акцыях грамадзянскай кампаніі, меркаванні актывістаў і каардынатараў. Ёсць магчымасць праглядзець публікацыі СМІ, якія тычацца «Еўрапейскай Беларусі».

24 студзеня ў Менску было абвешчанае пра пачатак агульнанацыянальнай грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Галоўнай мэтай кампаніі яе ініцыятары лічаць забеспячэнне незалежнасці і паспяховага развіцця краіны, што магчыма толькі шляхам інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз. Як падкрэсліў на прэс-канферэнцыі ў Менску міжнародны каардынатар Хартыі’97 Андрэй Саннікаў, «інтэграцыя ў Еўразвяз — гэта не толькі адзіны эфектыўны шлях для сённяшняй Беларусі, але і жыццёвая неабходнасць».

«За час кіравання Лукашэнкі ў Еўразвяз былі прынятыя 15 дзяржаў, у тым ліку такія раней нейтральныя і даволі багатыя краіны як Аўстрыя. Гэта сведчыць пра тое, што мадэль ЕЗ вельмі прывабная. Там на справе, а не на словах сумеснымі высілкамі вырашаюцца як палітычныя, так і сацыяльна-эканамічныя праблемы. У той час, як у Беларусі ўлады, практычна знішчыўшы эканоміку краіны, узяліся выціскаць апошняе з простых людзей, пазбаўляючы іх ільгот», — падкрэсліў Саннікаў.

Адзін з ініцыятараў кампаніі «Еўрапейская Беларусь» былы палітвязень, лідэр «Сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная грамада» Мікола Статкевіч распавёў пра асноўныя мэты кампаніі, адной з якіх з'яўляецца папулярызацыя ідэі еўраінтэграцыі ў беларускім грамадстве.

«Мы маем намер прыцягнуць вялікую колькасць валанцёраў для збору подпісаў грамадзян краіны пад заявай у Еўразвяз аб далучэнні Беларусі да ЕЗ. Сёння ў Беларусі ёсць два шляхі — Расея і ЕЗ. Але, у адрозненне ад Расеі, Еўразвяз у абмен на падтрымку, у тым ліку фінансава-эканамічную, не высоўвае Беларусі такія абсурдныя патрабаванні як страта незалежнасці і знішчэнне беларускай мовы», — заявіў палітык.

Пры гэтым Статкевіч нагадаў, што ў свой час Еўразвяз прыняў зварот не толькі да беларускіх улад, але і да беларускага народа. Збор подпісаў пад заявай у ЕЗ ад грамадзян Беларусі ў рамках кампаніі «Еўрапейская Беларусь» закліканы стаць адказам шэраговых беларусаў Еўразвязу, што яны сапраўды падзяляюць еўрапейскія каштоўнасці і хочуць жыць у Еўропе не толькі геаграфічна.

Удзельнік прэс-канферэнцыі, адзін з лідэраў партыі БНФ Віктар Івашкевіч асоба падкрэсліў, што ініцыятыва кампаніі «Еўрапейская Беларусь» належыць шырокай кааліцыі дэмакратычных сілаў краіны. Гэта і Аб'яднаныя дэмакратычныя сілы, у тым ліку партыя БНФ, і іншыя партыі і грамадскія арганізацыі.

Былы міністр знешнеэканамічных сувязяў Беларусі, былы палітвязень Міхаіл Марыніч , які прысутнічаў на прэс-канферэнцыі, падкрэсліў, што «грамадзянская супольнасць і ўлада ў Беларусі гавораць на розных мовах».

«Рэжым Лукашэнкі даўно ператварыў нашу краіну ў турму. Грамадства паралізаванае страхам. Сёння мы павінны дапамагчы нашым грамадзянам перамагчы гэты страх. Мы павінны дастукацца да кожнага беларуса, растлумачыць, што ў Беларусі сацыяльныя гарантыі толькі дэкларуюцца кіроўным рэжымам, у той час як у беларуса сёння адбіраюць апошняе. У Еўропе грамадзяне ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, бо захаванне іх правоў гарантаванае не толькі асобнай дзяржавай, але і ЕЗ. Каб Беларусь змагла інтэгравацца ў Еўропу як мага хутчэй — гэта і ёсць асноўная задача кампаніі «Еўрапейская Беларусь», — адзначае Міхаіл Марыніч.