11 чэрвеня ў Эстонскім Парлямэнце адчынілася выстава беларускіх мастакоў «Мастацтва супраць дыктатуры». Аўтары выставы — гэта ня толькі такія знакамітыя беларускія мастакі як Алесь Марачкін і Алесь Шатэрнік, чые працы знаходзяцца ў Трэцякоўцы і ў Белым Доме. Гэта і маладыя мастакі, якія таксама думаюць інакш, чым навязвае існуючы беларускі рэжым. Яны хацелі бы ня толькі свабоды творчасьці, але і свабоды жыцьця ў гэтай краіне.
У выставе бяруць удзел працы Алеся Шатэрніка, Алеся Марачкіна, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча і Юліі Шатэрнік. Усе яны з'яўляюцца ўдзельнікамі творчай групы «Пагоня», вядомай сваёй адданасьцю ідэям дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня Беларусі, за што яе вельмі ня любяць беларускія ўлады.
Выстава задумана для прэзентацыі альтэрнатыўнай Беларусі, краіны з глыбокімі гістарычнымі традыцыямі і эўрапейскай культурай, з творчай элітой, якая ня хоча пагадзіцца з ладам рэчаў, які зараз існуе, той Беларусі, якая заўсёды была часткай эўрапейскай культурнай прасторы.
Выставу адчыніла віцэ-сьпікер Эстонскага парлямэнту спадарыня Крысьціна Оюланд. Яна выказала ўдзячнасць і падтрымку беларускім дзеячам мастацтва за тое, што яны робяць для захаваньня нацыянальнай культуры Беларусі. У адкрыцьці ўзялі ўдзел вядомы дзеяч культуры Алесь Шатэрнік і палітык Зянон Пазьняк. На адкрыцьцё прыйшлі эстонскія парлямэнтарыі, грамадскія дзеячы і журналісты.
Выстава арганізаваная эстонскай грамадскай арганізацыяй «Valgevene uus tee» у партнэрстве са згуртаваньнем «Трэці Шлях» і Беларускім Музеям у Ню-Ёрку пры падтрымцы Эстонскага парляменту і фонду «Адкрытая Эстония».
|