Навіны з жыцьця беларускіх палітвязьняў
14 июня 2008

Палітвязень Сяргей Парсюкевіч мае намер прайсьці ўсе судовыя інстанцыі Беларусі, каб шукаць праўды ў міжнародным судзе. Пра гэта ён заявіў Веры Страмкоўскай падчас нядаўняй сустрэчы ў Шклоўскай калёніі.

Адвакат паведаміла, што чарговае даручэньне падабароннага выканала і зьвярнулася з нагляднай скаргай да Міхаіла Ардзякі, старшыні Менскага гарадзкога суду. У скарзе зноў ставіцца пытаньне пра адмену прысуду Сяргею Парсюкевічу.

Нагадаю, віцебскага прадпрымальніка пакаралі 2,5 гадамі зьняволеньня нібыта за зьбіцьцё міліцыянта ў менскай турме на Акрэсьціна. Між тым спадар Парсюкевіч кажа, што зьбівалі насамрэч яго, маўляў, гэта рабілі ахоўнікі турмы. Вера Страмкоўская патлумачыла, чаму ў калёніі Сяргей Парсюкевіч не напісаў скаргу сам, а перадаручыў ёй.

«У яго няма для гэтага магчымасьці. Ён знаходзіцца ў памяшканьні, дзе жывуць 70 чалавек. На ўсіх там толькі 8 крэслаў і 4 нейкія лаўкі. Няма на чым сядзець, няма дзе працаваць з дакумэнтамі».

Яшчэ адно актуальнае пытаньне з жыцьця палітвязьня — куды яго накіруюць працаваць? У Шклоўскай калёніі гэта можа быць дрэваапрацоўчы ўчастак, альбо пашывачны цэх. А пакуль Сяргей Парсюкевіч прыбірае тэрыторыю, паведаміла ягоная жонка Натальля.

Прайшло болей за месяц з дня падачы касацыйнай скаргі актывіста Андрэя Кіма, але дагэтуль ня вырашана, калі яе разгледзяць. Судзьдзя, якая мусіць прыняць рашэньне, на гэтым тыдні прыйшла з адпачынку, але дзень усё роўна ня вызначаны.

Між тым ужо вядома, што Андрэя Кіма ў Бабруйскай калёніі разьмеркавалі ў 11-ы атрад. На гэты адрас вязень просіць дасылаць яму лісты.

Яшчэ адна просьба да сяброў ад Андрэя Кіма — даслаць яму тэкст беларуска-расейскага слоўніка, перадрукаваўшы яго з інтэрнэту. Пра гэта паведаміла маці вязьня Тацяна. Паводле яе, на здароўе Андрэй, у якога раней хварэлі вочы, ужо не скардзіцца.

«Запаленьня вачэй ужо няма. Ён там можа рабіць прамэнады, і харчаваньне там ўсё ж лепшае. Хаця ўсё роўна...»

На наступным тыдні Тацяна Кім зьбіраецца адвезьці сыну перадачу. Гэта трэба зрабіць да таго, як прысуд уступіць ў дзеяньне.

Нагадаю, актывіста пакаралі на 1,5 года зьняволеньня нібыта за напад на міліцыянта падчас мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня. Сваёй віны Андрэй Кім не прызнаў. У Беларусі і сьвеце шмат хто лічыць яго палітвязьнем, як Сяргея Парсюкевіча і Аляксандра Казуліна.

Экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін за кратамі ўжо 2 года і 80 дзён. Апошнім часам ліставаньне зь ім стала рэдкім, прызнае дачка палітыка Вольга. Аляксандар Казулін на сустрэчах са сваякамі і адвакатам тлумачыў, што проста няма пра што пісаць, бо жыцьцё ў калёніі беднае на падзеі, а скардзіцца на ўмовы ці здароўе ён ня мае звычкі. Вольга Казуліна кажа, што яна з сястрой дасылаюць бацьку лісты рэгулярна.

«Мы яму пішам рэгулярна, кожны тыдзень адпраўляем па лісту. Акрамя таго дасылаем кнігі, вытрымкі з газэт. Вось днямі даслала яму кнігу з Варшаўскай канфэрэнцыі «Беларусь не ў Эўропе і не ў Расеі”, матэрыялы з гэтай канфэрэнцыі. Паглядзім, дойдзе гэта ці не».

Нагадаю, Аляксандр Казулін асуджаны на 5,5 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Ён лічыць, што гэта палітычна матываваны прысуд.