Сацыял-дэмакраты хочуць правесці пікеты да ўгодкаў працэсу над Казуліным

23.06.2008

Заяўкі на правядзенне пікетаў салідарнасці з палітвязнем, лідэрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Аляксандрам Казуліным пададзеныя ў Мінгарвыканкам.

Сацыял-дэмакраты прымеркавалі іх да другіх угодкаў судовага працэсу над сваім лідэрам — 6-7 ліпеня. Нагадаем, што ў ліпені 2006-га Аляксандр Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі і адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму «Віцьба-3».

Сацыял-дэмакраты збіраюцца патрабаваць вызвалення Казуліна і інфармаваць грамадзян пра дзейнасць БСДП (Г).

Пікеты, у выпадку дазволу сталічных уладаў, адбудуцца ў трох раёнах горада: на плошчы Бангалор, у парку 50-годдзя Кастрычніка і ў на пляцоўцы па вуліцы Арлоўскай, адзначае прэс-служба Аляксандра Казуліна.