Афіцыйны Менск рэагуе на скаргу Вольгi Казулинай у ААН

02.07.2008

Афіцыйны Менск заяўляе, што экс-адвакат палітвязня Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч і дачка асуджанага палітыка Вольга Казуліна не мелі права на падачу скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Пр гэта сказана ў дакументах, якія 26 чэрвеня паступілі з камітэта.

Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу А.Казуліна, скарга была скіравана ў кастрычніку мінулага года В.Казулінай і І.Рынкевічам. Яны прапаноўвалі выправіць дапушчаныя Рэспублікай Беларусь парушэнні пяці артыкулаў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, тэрмінова вызваліць А.Казуліна і кампенсаваць нанесеную яму незаконнымі арыштам і зняволеннем маральную шкоду памерам у 2 млн. еўра.

26 красавіка 2008 года скарга была зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека пад нумарам 1773/2008.

«Да 25 жніўня мы прапануем вярхоўнаму камісару па правах чалавека ААН у інтарэсах Аляксандра Казуліна каментары да інфармацыі беларускіх дзяржаўных органаў, дзе будуць дадазены доказы таго, што Казулін стаў ахвярай парушэнняў уладамі яго грамадзянскіх правоў, што ён незаконна зняволены, адбывае пакаранне ва ўмовах негуманнага стаўлення і непавагі да годнасці чалавечай асобы», — заявіў у сувязі з гэтым І.Рынкевіч.

Аўтары скаргі спадзяюцца, што на сесіі Камітэта ААН па правах чалавека ўвосень 2008 года будзе прынята рашэнне наконт прымальнасці скаргі і яна будзе тэрмінова разгледжана па сутнасці. «Мы ўпэўнены ў пазітыўным рашэнні па скарзе, што камітэт ААН абавяжа Рэспубліку Беларусь вызваліць Аляксандра Казуліна, а таксама здзейсніць захады для прадухілення аналагічных парушэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у будучыні», — сказаў І.Рынкевіч.

Юрыст таксама адзначыў, што апрача згаданай скаргі, якая з'яўляецца, на яго думку, «хрэстаматыяй парушэнняў уладамі міжнародных абавязанняў і крымінальных галінаў беларускага права», застаецца актуальнай неабходнасць падачы ў камітэт ААН скаргі наконт парушэння выбарчых правоў А.Казуліна як кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2006 года.