Рыбалка, якая ніколі ня скончыцца

07.07.2008

Адразу ж хачу падкрэсьліць, што цалкам ня згодны з тымі, хто жадае бачыць у справе выкраданьня Зьмітра Завадзкага толькі крымінальныя аспэкты. Маўляў, звычайнае злачынства. Ніякай палітыкі там няма. Калі б гэта было так, то высокапарфэсійны ўзровень спэцназаўцаў дазволіў бы ім зразумець — “скрасьці” на рыбалцы, якую Зьміцер Завадзкі вельмі любіў, значна прасьцей, чым у аэрапорце.

Дарэчы, так думаю ня толькі я. Так лічаць даволі многія.

Дату той рыбалкі я магу ўспомніць дакладна — 29 красавіка 2000 году, бо 30 красавіка быў праваслаўны Вялікдзень. Сабраў нас добра вядомы Уладзімер Кармілкін, якога, на жаль, ужо няма. Яго недарэмна называлі летапісцам БНФ. Зь першага дня стварэньня гэтай структуры ён зафіксаваў на аўдыё- і фотастужкі амаль ўсе важныя падзеі жыцьця Беларускага Народнага Фронту.

Зразумела, прафэсія журналіста вельмі паспрыяла маім кантактам — прыходзілася сутыкацца з сотнямі, калі ня з тысячамі, людзей, — але я ніколі не сустракаў такіх альтруістаў, якім быў Кармілкін. Аднойчы ён расказаў, што ў яго проста не хапае грошай на касэты і фотапрыналежнасьці, бо купляе ўсё толькі з пэнсіі былога прапаршчыка Савецкай арміі. Як высьветлілася, БНФ, на які ён так многа і шчыра працаваў, не даваў яму амаль нічога. Дзе знаходзіцца сёньня створаны Кармілкіным архіў, дакладна не вядома. Як і тое, здолелі яго ўвогуле захаваць ці не.

Менавіта Уладзімер патэлефанаваў мне і сказаў, што з намі на рыбалцы будзе, калі я ня супраць, яшчэ і трэці — Зьміцер Завадзкі. Паехаць на рыбалку мы зьбіраліся на маёй “сігары”. Па вялікім рахунку, неабходнасьці ў такіх удакладненьнях не было, і Кармілкін разумеў, што ніякіх праблемаў ня ўзьнікне, але, як чалавек далікатны, хацеў гэта пачуць.

Кармілкін лавіў рыбу “на донку” і спэцыялізаваўся на фарэлі. Безумоўна, калі на кручок трапляў мянтуз альбо харыюс, не засмучаўся, аднак заўжды настройваўся менавіта на фарэль — прыгажуню самых чыстых беларускіх рэк і праточных азёраў. Лавіў ён на Іслачы і добра ведаў: ловіцца лепш за ўсе тады, калі цьвіце чаромха.

Донкі Кармілкін браў толькі свае. Складанасьць палягала ў тым, што іх мелася ў Кармілкіна каля сарака, і каб паставіць іх, трэба некалькі кіламетраў рэчкі. Для каго-небудзь іншага закінуць столькі донак было б проста немагчыма. А галоўнае — гэта было б абсалютна бессэнсоўна. Справа ў тым, што правяраць донкі трэба прыблізна празь дзьве гадзіны, а на гэта таксама патрэбны час. Калі донак вельмі шмат, рыбакі павінныя пастаянна хадзіць па беразе. Цяжка, асабліва ноччу.

Дарэчы, калі была цемра, донкі мы знаходзілі з дапамогай ліхтара і метак Кармілкіна.

Ды і снасьці ў яго былі заўжды надзейныя. Вырабляў іх ён толькі сам і штогод правяраў.

Ехалі мы з “начоўкай”, таму і падрыхтаваліся як сьлед. Датычыцца гэта ня толькі самой рыбалкі — “чарка гарбаты” таксама была падрыхтаваная. У Зьміцера не было асаблівай неабходнасьці што-небудзь купляць, аднак ён папрасіў спыніцца каля нейкага гастранома. Набыў бутэльку гарэлкі (яна лішняй не бывае амаль ніколі) і ... тры пачкі марозіва. Вельмі цікавы выбар, асабліва калі ўлічыць, што рэчы гэтыя па сваёй сутнасьці не сумяшчальныя.
Завочна са Зьміцерам мы былі знаёмыя даўно, добра ведалі прозьвішчы адзін аднаго, але асабіста сустрэліся ўпершыню. Такое бывае, таму папрашу не лічыць дзіўным тое, што тады ўьзнікла адчуваньне, быццам бы мы даўно знаёмыя. Напэўна, і ён, і я дзесьці ў душы баяліся нечага пафасна-афіцыйнага, але вельмі хутка адчулі — нічога такога няма.

Агульнае хобі аб’яднала літаральна праз 10 хвілін знаёмства. Менавіта Зьміцер паказаў мне возера за былым пастом ДАІ, каля мейсца, дзе разыходзяцца дарогі на Вільню і Гародню. І расказаў, як лавіў там вельмі добрых акунёў.

Пра тое, як пачыналася рыбалка, падрабязна расказваць ня буду, бо большасьць людзей добра гэта ўяўляе. Таму пачну з самага чытабельнага — з “чаркі гарбаты”. І адразу расчарую: Зьміцер піў “без фанатызму”. Адзначу толькі адно — тым вечарам гэта не было самым галоўным.

Больш цікавым, на мой погляд, было іншае. Літаральна перад нашай паездкай Зьміцер вярнуўся з чарговай камандзіроўкі ў Чачню, дзе разам з Паўлам Шараметам ён здымаў дакумэнтальны фільм “Чеченский дневник”. Фільм добры, аднак гутарка пра іншае. Мяне ўразіла, як па-рознаму глядзяць на адныя і тыя ж падзеі розныя людзі. Я б, напрыклад, рабіў бы тое самае, што і Шарамет, якога лічу някепскім журналістам. У Зьміцера праца была іншай, і падыходы да вайны ў Чачні ў яго спэцыфічныя.

Даўно зрабілася агульным мейсцам меркаваньне, што апэратары глядзяць на пэўныя рэчы па-свойму, аднак насамрэч так яно і ёсьць. Зьміцер расказваў проста, без эпітэтаў, гіпербалаў ці сюжэтаў, ад якіх займае мову, аднак нам з Кармілкіным было страшна. Перш за ўсё ад таго, што мы разумелі — ён лез у самае пекла. А яшчэ ад таго, што ў яго словах не было нават намёку на якую-небудзь публіцыстыку. Расказваў пры тыя кадры, якія застаюцца “за кадрам”, бо немагчыма зьмясьціць у адзін фільм (нават у самы лепшы) цалкам усё тое, што бачыць праз свой аб’ектыў апэратар.

Пра чаромху я ўжо пісаў, цяпер хачу толькі, каб кожны з вас уявіў тую прыгажосьць — маленькая, чыстая (фарэль жыве толькі ў чыстай вадзе) беларуская рэчка і амаль белыя ад цудоўных вясновых кветак берагі.

Гэтую карціну мы ўбачылі і калі прыехалі, і калі пайшлі раніцай глядзець донкі. Лепш за ўсё для іх падыходзяць тлустыя дажджавыя чарвякі, якіх называюць “выпаўзкамі”. Кармілкін зьбіраў іх па начах і захоўваў у вядры з зямлёй. “Тэхналёгію” таго, як гэта трэба рабіць, ён мне расказваў неаднойчы, аднак сабраць “выпаўзкаў” мне ўсё ніяк не выпадала, хаця такія спробы рабіліся некалькі разоў. Пашанцавала толькі тады, калі я выйшаў з хаты пасьля гадзіны ночы, а напярэдадні быў маленькі дожджык. Уяўляю, як на мяне маглі глядзець, — ноч, мокра, а пад дрэвамі блукае нейкі мужчына з ліхтаром у адной руцэ і жалезнай бляшанкай у другой.

Калі я гэта расказаў, Кармілкін і Завадзкі доўга сьмяяліся, а потым Зьміцер сказаў: “На жаль, я ня ведаў пра “выпаўзкаў” раней. Пад колы машыны іх трапілі сотні. Ажно ехаць з Масквы было агідна”.

Сапраўдны рыбак на ўсе рэчы глядзіць па-свойму, ня так, як іншыя людзі. А рыбаком Зьміцер быў сапраўдным. На гэта я зьвярнуў увагу, калі на наступны дзень мы з ім пайшлі лавіць на “праводку”. Экіпіроўцы Зьміцера пазайздросьцілі б самыя заўзятыя рыбакі. Адразу адчувалася: ён ня толькі не шкадуе на гэта грошай, але і разьбіраецца ў тым, што робіць. Рыбалоўныя снасьці ў яго былі, як кажуць, “на ўзроўні”.

Уздоўж ракі мы хадзілі некалькі гадзін, нічога не злавілі і вярнуліся да машыны. Надышоў час зьбірацца дадому. Усе разам пайшлі здымаць донкі. Адна з іх зачапілася за нейкі корань. Спробы вызваліць леску былі безвыніковымі. Зразумелі: каму-небудзь прыйдзецца рабіць тое, што рыбакі называюць словам “плаваць”.

Як вядома, у рэчках вада заўжды значна халаднейшая, чым у азёрах. Па-першае, яна праточная. Па-другое, шматлікія крынічкі. А тут яшчэ вясна. Нагадаю, тады было толькі 30 красавіка. І хаця надвор’е ў той год было добрае, адкрыць “купальны сезон”, мякка кажучы, не хацеў ніхто.

І тут Зьміцер праявіў ініцыятыву. Сам, безь якіх-небудзь спрэчак. Сярод нас ён быў ня толькі самым малодшым, але і самым высокім. Спачатку паспрабаваў увайсьці ў ваду ў сваіх вялікіх рыбацкіх ботах і адчапіць кручок, але не атрымалася. Тады прыйшлося на ўласным досьведзе зьведаць тое, што вясной у рэках вада яшчэ зусім халодная...

Самае цікавае ў падобных рыбалках тое, што ўлоў — агульны, а таму яго трэба дзяліць на ўсіх. Мы злавілі тады пяць фарэляў і аднаго ментуза. Як разьмеркаваць на траіх? Кармілкін зрабіў вельмі проста — адну фарэль узяў сабе, маўляў, ён есьць іх пастаянна. Дзьве самыя вялікія фарэлі аддаў Завадзкаму, астатнія мне. І дадаў да іх ментуза — за машыну.

...Са Зьміцерам мы ўбачыліся празь некалькі тыдняў. Латышская амбасада ладзіла прыём з нагоды іх нацыянальнага сьвята. Завадзкага там папрасілі папрацаваць апэратарам. Павіталіся. І я пажартаваў — мы будзем піць, а ў цябе вочы павінны быць толькі цьвярозымі. Тады я ня ведаў, што бачу яго ў апошні раз.

Восем гадоў мінула з таго дня, калі яго ня стала сярод нас. Усе ўсё добра разумеюць, але ў самае жудаснае ўсё адно верыць ня хочацца. Таму лепш лічыць, што ён проста паехаў на чарговую рыбалку, з якой так доўга ня можа вярнуцца...