|   Выбух у цэнтры Менска, які адбыўся ў ноч на чацвёртае ліпеня падчас канцэрту, прысвечанага святкаванню афіцыйнага Дня незалежнасці, выклікаў шок у беларускім грамадстве і прымусіў усіх шукаць адказ на галоўнае пытанне: «Хто мог гэта зрабіць?». Каардынатар Хартыі’97, адзін з лідэраў «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка ўпэўнены, што гэта «тыя ж нягоднікі, якія выкралі і забілі лідэраў апазіцыі». 
			Па меркаванні Зміцера Бандарэнкі, «такі выбух маглі арганізаваць толькі злачынцы, якія ўжо раней здзяйснялі дзёрзкія і жорсткія забойствы, тыя, для каго чалавечае жыццё нічога не вартае». 
			«Таму я лічу, што арганізатарамі і выканаўцамі тэракту ў Менску з'яўляюцца тыя ж нягоднікі, якія выкралі і забілі Юрыя Захаранку, Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара. Гэтыя злачынствы засталіся нераскрытымі. Упэўненасць у сваёй беспакаранасці штурхае гэтых нелюдзяў на новыя крывавыя злачынствы», — заявіў праваабаронца ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97. 
			«Выкраданні і забойствы лідэраў апазіцыі насілі палітычны характар. Як сцвярджаюць шматлікія СМІ, у тым ліку і дзяржаўныя, выбух у Менску ў ноч на 4-ае ліпеня таксама пераследваў палітычныя мэты», — тлумачыць Зміцер Бандарэнка. 
			«Праўду аб арганізатарах і выканаўцах гэтых злачынстваў мы пазнаем толькі ў тым выпадку, калі расследаваннем гэтых справаў зоймуцца незалежныя міжнародныя эксперты і спецыялісты», — заявіў Зміцер Бандарэнка. 
			8 ліпеня беларускі кіраўнік падпісаў указы аб вызваленні Віктара Шэймана ад пасады Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі і аб вызваленні Генадзя Нявыгласа ад пасады кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі. 
			Пры гэтым паведамляецца, што і Шэйман, і Нявыглас вызваленыя ад пасады «у сувязі з пераводам на іншую працу». 
			Нагадаем, напярэдадні на нарадзе з кіраўнікамі сілавых ведамстваў аб ходзе расследавання выбуху 4 чэрвеня ў Менску, Лукашэнка раскрытыкаваў Дзяржсакратара Савбяса. «Не думаю, Віктар Уладзіміравіч, што вы павінныя застацца на гэтай пасадзе пасля інцыдэнту. Вы вінаватыя перадусім», — сказаў А.Лукашэнка. 
			У ноч з 3 на 4 ліпеня ў цэнтры Менска ў стэлы «Менск — горад- герой» падчас святочнага канцэрту па выпадку афіцыйнага Дня незалежнасці Беларусі спрацавала самаробная выбухная прылада. У выніку выбуху пацярпелі каля 50 чалавек, 46 накіраваныя ў лякарні, у тым ліку грамадзяне Расеі і Ўкраіны. На дадзены момант у медустановах Менска знаходзіцца 40 чалавек. 
			Праваахоўныя органы ўзбудзілі крымінальную справу па ч. 3 арт. 339 «Хуліганства». Прыблізна за гадзіну да выбуху супрацоўнікамі міліцыі была выяўленая яшчэ адна выбухная прылада. Праз некаторы час пасля выбуху ў пакеце з-пад соку была выяўленая і трэцяя выбухная прылада. 
			  
			Хартыя`97 
			 
			 
			 |