Два гады таму скончыўся працэс над былым кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным. Больш за тыдзень няма лістоў ад Сяргея Парсюкевіча, хаця жонка прадпрымальніка кажа, што ён піша штодня. Праваабаронцы “Human Rights Watch” заклікаюць генпракурора Беларусі перагледзець справу Андрэя Кіма.
13-га ліпеня споўніцца два гады, як у Менску закончыўся крымінальны працэс над былым кандыдатам на пасаду прэзыдэнта Аляксандрам Казуліным. Палітык быў прызнаны вінаватым у хуліганстве і арганізацыі вулічных непарадкаў на Дзень Волі і асуджаны да пяці з паловай гадоў зьняволеньня.
Аляксандар Казулін вінаватым сябе не прызнаў. Беларуская апазыцыя і дэмакратычная супольнасьць сьвету назвалі прысуд палітычнай расправай над апанэнтам, але ўжо ў жніўні 2006-га году экс-кандыдата на прэзыдэнта накіравалі ў Віцебскую калёнію. Праз два месяцы палітык абвясьціў галадоўку, патрабуючы адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, чыёй перамогі на выбарах ён не прызнаў, а таксама разгляду беларускага пытаньня ў Радзе бясьпекі ААН. Галадоўка доўжылася 53 дні. У выніку Аляксандар Казулін усё ж дамогся, што з ініцыятывы ЗША ў Радзе бясьпекі ААН было ўзьнятае пытаньне пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
На волю, усяго на тры дні, Аляксандра Казуліна ўлады адпусьцілі толькі ў лютым 2008-га году з прычыны трагічнай падзеі — сьмерці ягонай жонкі Ірыны.
Палітык вярнуўся у калёнію, не было выключана, што яго вызваляць датэрмінова, як некаторых іншых палітвязьняў, але гэтага не адбылося. Вось што сказаў з нагоды другой гадавіны суду над Казуліным ягоны адвакат Ігар Рынкевіч:
“Пазыцыя абароны за гэты час ня стала слабейшай, а наадварот, узмацнілася. Мы па-ранейшаму лічым прысуд незаконным, не ўгрунтаваным на доказах. Адпаведна мы патрабуем прысуд адмяніць, як адмяніць і касацыйныя вызначэньні судоў рознага ўзроўню і пракуратуры. За гэты час намі пададзеная скарга ў камітэт правоў чалавека ААН. Мы ўжо пасунуліся ў гэтай працэдуры дастаткова далёка — рыхтуем адказы на тое, што напісаў пра гэтую справу ў ААН беларускі ўрад. Мяркую, праз салідарнасьць людзей у Беларусі і сьвеце ёсьць магчымасьць дачакацца вызваленьня Аляксандра Казуліна ўжо сёлета, магчыма, пасьля выбарчай кампаніі”.
Нагадаю, на гэтым тыдні з Аляксандрам Казуліным бачыліся ў калёніі ягоныя дочкі Вольга і Юля. Яны перадалі на волю камэнтар палітыка да падзеяў 4-га ліпеня ў Менску.
Сяргей Парсюкевіч
Паводле Натальлі Парсюкевіч, жонкі віцебскага прадпрымальніка Сяргея Парсюкевіча, асуджанага на два з паловай гады зьняволеньня пасьля акцыі пратэсту, ужо 11 дзён ад яго няма лістоў дамоў. Натальля ня лічыць гэта выпадковым:
“Я ведаю дакладна, што ён піша кожны дзень. Але вось як я прыехала са спатканьня, ніводнага ліста не атрымала. Была ў яго 30-га, сёньня 11-ага, такім чынам, дакладна 11 дзён няма лістоў”.
Натальля Парсюкевіч мяркуе, што карэспандэнцыю мужа затрымліваюць наўмысна. “Альбо ў сувязі з падзеямі вакол выбуху ў Менску, альбо каб ня стала вядома пра лёс заявы на перавод са Шклоўскай калёніі ў Менскую калёнію”, — кажа жонка палітвязьня.
Андрэй Кім
Андрэя Кіма ў Бабруйскай калёніі наведала ягоная сяброўка Люба. Дзяўчына сказала, што Андрэй падчас сустрэчы быў у добрым настроі, казаў, што займаецца спортам. Маці актывіста Тацяна Кім кажа на гэта, што Андрэй заўсёды імкнецца не турбаваць блізкіх людзей сваімі праблемамі:
“Разумееце, яшчэ ён ні разу не сказаў, што зь ім дрэнна. Толькі мне як маці гэта відаць. Аднойчы, калі я ўбачыла яго пасьля перасылкі, калі яму было вельмі блага, і заплакала, ён вельмі разгубіўся і сказаў, каб я не ліла сьлёз”.
Стала вядома, што касацыйную скаргу Андрэя Кіма ў менскім гарадзкім судзе разгледзяць 22-га ліпеня, разам са скаргамі яшчэ 10-ці актывістаў, асуджаных пасьля мітынгу прадпрымальнікаў 10-га студзеня. Тым часам праваабаронцы “Human Rights Watch” заклікалі генпракурора Беларусі Рыгора Васілевіча скарыстацца магчымасьцю для перагляду справы Андрэя Кіма і вызваліць актывіста.
Алег Грузьдзіловіч
Радыё Свабода
|