|   Беларусь выканала адну з умоваў ЭЗ і ЗША — вызваліла ўсіх палітвязьняў. У Менск прыбыў памочнік Дзяржсакратара ЗША Дэйвід Мэркель. Расея настойвае на падтрымцы яе дзеяньняў у Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Радыё Свабода робiць агляд новай сытуацыi ў Беларусi. 
			
					  ЭЗ вітае вызваленьне С.Парсюкевіча і А.Кіма 
			Вызваленьне ўсіх палітвязьняў камісар па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр назвала “знакам, які абнадзейвае”. 
			
					  Дэвід Мэркель сустрэнецца зь лідэрамі апазыцыі 
			22 жніўня ў Дэвіда Мэркеля заплянаваная сустрэча са старшынём Партыі БНФ Лявонам Баршчэўскім, кіраўнікамі Партыі камуністаў Беларускай — Сяргеем Калякіным і АГП — Анатолем Лябедзькам, а таксама з былымі кандыдатамі на прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам і Аляксандрам Казуліным, паведаміў А.Лябедзька. 
			Прадстаўнік Дзярждэпу ЗША ляціць у Менск 
			“Вызваленьне гэтых грамадзянаў разам зь іншым дае нам надзею на будучыя пазытыўныя крокі, прапановы рэальных магчымасьцяў істотнага паляпшэньня ў стасунках паміж ЗША і Беларусьсю”, - гаворыцца ў заяве прэсавага сакратара Дзяржэпартамэнту ЗША Робэрта Вуда. 
			
					  20 жніўня з-за кратаў на волю выйшлі апошнія палітвязьні — Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім. Краіны ЭЗ і ЗША віталі іх вызваленьне. 
			Прадстаўнікі апазыцыі кажуць, што лібэралізацыя ўмоўная і што гэта робіцца дзеля таго, каб выгандляваць у Расеі танныя энэрганосьбіты. Яны таксама зьвяртаюць увагу на тое, што ўлады выканалі толькі адно з патрабаваньняў ЭЗ і ЗША. 
			21 лістапада 2006 году камісар Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр абвясьціла дакумэнт, які выкладае тыя перавагі, якія ЭЗ мог бы даць Беларусі, калі б краіна стана на шлях дэмакратызацыі і павагі правоў чалавека і вяршэнства закону. Дакумэнт заснаваны на прапановах Рады ЭЗ, Эўрапейскай Камісіі, а таксама амбасадараў краін ЭЗ у Беларусі і зьяўляецца новай стратэгіяй, якая ўтрымлівае асноўныя напрамкі супрацоўніцтва Эўразьвязу і Беларусі. 
			Што прапануе Эўразьвяз Беларусі паводле Новай стратэгіі? 
			1. спрасьціць візавы рэжым паміж краінамі ЭЗ і Беларусьсю; 
					  2. пашырыць памежнае супрацоўніцтва, якое спрыяе большаму ўзаемадзеяньню ў эканамічным разьвіцьці, ахове навакольнага асяродзьдзя; 
					  3. павялічыць фінансавую дапамогу; 
					  4. аказаць дапамогу ў правядзеньні рэформаў; 
					  5. палепшыць сыстэму аховы здароўя і адукацыі; 
					  6. дапамагчы рэфармаваць прававую і судовую сыстэмы з мэтай забесьпячэньня роўных правоў для ўсіх; 
					  7. палепшыць стан навакольнага асяродзьдзя: якасьць вады, перапрацоўку выкідаў, 
					  8. падтрымаць праграмы ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. 
			Каб такое супрацоўніцтва ў межах палітыкі добрасуседзтва пачалося, улады Беларусі павінны выканаць шэраг патрабаваньняў: 
			1. паважаць права народу Беларусі выбіраць сваіх лідэраў дэмакратычным шляхам — іх права чуць усе меркаваньні і бачыць усіх кандыдатаў на выбары; права апазыцыйных кандыдатаў і груп падтрымкі праводзіць кампаніі без уціску, судовага перасьледу або турэмнага зьняволеньня; незалежнае назіраньне за выбарамі, у тым ліку з боку беларускіх няўрадавых арганізацыяў; права волевыяўленьня і права на справядлівы падлік галасоў; 
			2. паважаць права народу Беларусі на незалежную інфармацыю, і выказвацца вольна, напрыклад, дазваляючы журналістам працаваць без прыгнёту або судовага перасьледу, не зачыняючы газэт і не перашкаджаючы іх распаўсюджваньню; 
			3. паважаць правы недзяржаўных арганізацый, як жыцьцёва важнай часткі здаровай дэмакратыі — больш не ускладняць іх легальнае існаваньне, не прыгнятаючы і не перасьледваючы сябраў грамадзкіх арганізацый, і дазваляючы ім атрымоўваць міжнародную дапамогу; 
			4. вызваліць усіх палітычных зьняволеных — сябраў палітычных апазыцыйных партый, сябраў НДА і простых грамадзян, арыштаваных падчас мірных дэманстрацый і мітынгаў; 
			5. належным чынам і незалежна расьсьледаваць або перагледзець выпадкі са зьнікненьнем людзей; 
			6. забясьпечыць права беларусаў на незалежную і непрадузятую судовую сыстэм — з судзьдзямі, незалежнымі ад палітычнага ціску, без самаўпраўнасьці і галаслоўнага крымінальнага судовага перасьледваньня або палітычна-матываванага судовага прысуду, як зьняволеньне ў турму грамадзян, якія мірна выказваюць свой пункт погляду; 
			7. спыніць адвольныя арышты і затрыманьні, дрэннае абыходжаньне з людзьмі; 
			8. паважаць правы і свабоды тых беларускіх грамадзян, якія адносяцца да нацыянальных меншасьцяў; 
			9. паважаць правы беларусаў як працаўнікоў — іх права ўступаць у прафсаюзы і права прафсаюзаў працаваць на абарону праў людзей; 
			10. паважаць правы беларусаў як прадпрымальнікаў ажыцьцяўляць дзейнасьць без празьмернага ўмяшаньня улад; 
			11. далучыцца да адмены сьмяротнай кары ўсьлед за іншымі народамі Эўропы; 
			12. выкарыстаць падтрымку, якую АБСЭ, ЭС і іншыя арганізацыі прапаноўваюць Беларусі для дапамогі ў выконваньні правоў сваіх грамадзян. 
					 
			Радыё Свабода 
			 
			 
			 |