Сьвятлана Завадзкая:: «Словы пра боль я ўспрымаю зь недаверам»

24.09.2008

У інтэрвью заходнееўрапейскім СМІ Лукашэнка сказаў, што хоча раскрыць справы зьніклых. “Для мяне як для прэзыдэнта гэта пытаньне пытаньняў”, – запэўніў кіраўнік дзяржавы. – Але ня трэба з гэтага пытаньня рабіць вялікую палітыку”. Гаворачы пра зьнікненьне тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага, прэзыдэнт паведаміў, што “гэтае расьсьледаваньне ніколі не закрывалася”.

Святлана Завадзкая, жонка зьніклага тэлеапэратара аправяргае словы Лукашэнкі.

– Для мяне не зусім зразумела, чаму Лукашэнка кажа, што справа ніколі не закрывалася. Гэтая справа ня можа быць зараз закрыта. Тэрмін даўнасьці па ёй – каля 25-ці гадоў. Калі ж размова ішла пра прыпыненьне справы, то яна прыпынялася больш чым чатыры разы. Апошні раз яна прыпынена была ў 2006 годзе, адразу ж пасля прэзыдэнцкіх выбараў. І да гэтага часу справа не распачыналася ізноў. Гэта ўсё сьведчыць пра тое, што актыўныя сьледчыя дзеяньні ў гэты час не праводзяцца. Таму словы пра боль я ўспрымаю зь недаверам.

“Дзіма Завадзкі для мяне – самая вялікая рана. – сказаў Лукашэнка - Гэта абсалютна чэсны прыстойны чалавек, ён ніякага дачыненьня да палітыкі ня меў… некалькі разоў суправаджаў мяне як тэлеапэратар на пачатку маёй прэзыдэнцкай кар’еры. Бываў у маёй рэзыдэнцыі, і, памятаю, некалькі разоў за адным сталом мы вячэралі і сьнедалі, калі ён мяне суправаджаў. Па гэтай крымінальнай справе абвінавачваньне судом вынесена. Чалавек адбывае пажыцьцёвае заключэньне. Але для мяне важнае пытаньне знайсьці, калі ён загінуў, труп гэтага чалавека”. Пазначае Лукашэнка ў інтэрв’ю…

Сьвятлана Завадзкая на гэты конт сказала наступнае…

– Я не магу паверыць у тое, што Ігнатовіч ужо столькі гадоў знаходзіцца ў зьняволеньні і да гэтага часу беларускія спэцслужбы (а справай Дзмітрыя займаецца і КДБ, і МВД) ня могуць знайсці цела Дзьмітра. Гэта сьведчыць, што ўлады не праводзяць рэальнага рассьледаваньня. Значыць яны нешта скрываюць, што ў сваю чаргу яшчэ раз пацьцвярджае пра прычаснасьць уладаў да гэтага злачынства. Яшчэ адным пацьцверджаннем гэтага з’яўляюцца словы кіраўніка краіны, паводле якога ён быў бы вельмі рады, каб нехта дапамог у рассьледаваньні дадзенай справы. І гэта мне падаецца вельмі дзіўным, таму што ў свой час і Эўразьвяз, і ЗША прапаноўвалі дапамогу ў пошуках зьніклых палітыкаў і журналіста. Беларускія ўлады тады ад гэтага катэгарычна адмовіліся. Таму цяпер дадзеная заява выглядае вельмі дзіўна.

Патрабаваньні раскрыць праўду пра выкраданьне людзей у Беларусі ўтрымліваюцца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парлямэнцкіх Асамблей Рады Эўропы і АБСЭ. Зінаіда Ганчар, жонка Віктара Ганчара, які бяссьледна зьнік у верасьні 1999 году, кажа што словы кіраўніка дзяржавы не носяць ў сабе канструктыўны характар. Гэта толькі словы, рэальных крокаў рэжым ня робіць і ня зьбіраецца рабіць…

– У 2004 годзе Эўразьвязам было высунута 12 патрабаваньняў да беларускага рэжыму. Пакуль Лукашэнка выканаў толькі адно – вызваліў палітвязьняў. Але засталося вельмі важнае і вострае пытаньне, якое вісіць на працягу апошніх дзевяці гадоў. Але калі мы ня маем магчымасьці для правядзеньня рассьледаваньняў, то маем магчымасьць запрасіць экспэртаў, якія дапамаглі б. Шмат момантаў праясняе і даклад спадара Хрыстаса Пургурыдэса. Таму я ня веру ніводнаму слову Лукашэнкі. Гэта сказана для таго, каб зьняць напружаньне ў вырашэньні дадзенага пытаньня перад захадам. Гэта чарговы блеф.

Незалежнае рассьледаваньне, якое было праведзена па дадзенай справе практычна паставіла ўсе кропкі над “І”. Алег Алкаеў былы начальнік Сьледчага ізалятара № 1 Камітэта выканання пакаранняў МУС Беларусі ў Менску, кажа, што Лукашэнка мог бы лёгка раскрыць дадзенае злачынства і зачыніць справу.

– Гэта яго тыповая спэкуляцыя на тэму зьніклых палітыкаў і Дзмітрыя Завадзкага. Ніхто не перашкаджае Лукашэнку сесьці ў аўтамабіль і праехаць у Жодзіна, дзе адбывае пажыцьцёвае турэмнае зьняволенне Ігнатовіч і асабіста запытаць дзе пахаваны Завадзкі, або дзе яго цела. Калі на гэта няма часу, то няхай адправіць Навумава… Гэтыя словы – тыповае крывадушніцтва. На пытаньне пра месцазнаходжанне цела Дзьмітра могуць адказаць і начальнікі былога менскага ГУВД, той жа Тарлецкі, які займаўся пошукам Завадзкага, а яшчэ лепш ведае і Шэйман. Я ўпэўнены, што ен ведае нават месца, дзе пахаваны Зьміцер Завадзкі.