Паўлічэнка «назіраў за адным з расстрэлаў»
6 октября 2008

Камандзірам 3-й асобнай Чырвонасьцяжнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня ўнутраных войскаў МУС (в/ч 3214) прызначаны палкоўнік міліцыі Юры Караеў.

Віктар Івашкевіч, намесьнік старшыні Партыі БНФ: “Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году на плошчы Свабоды ў Менску была сустрэча з кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам. У раёне Нямігі міліцыя выставіла ачапленьне. Вось ля яго ў мяне атрымалася мікратузаніна з Паўлічэнкам. Ён штурхануў мяне, а я штурхануў яго. Ён зайшоў за ачапленьне, і болей у нас кантакту не было. Канфлікту паміж міліцыяй і дэманстрантамі не было. Ня ведаю, можа, ён хацеў прадэманстраваць сваім падначаленым крутасьць. Таму ён вылез і пхнуў кулаком мяне ў бок”.

Любоў Лунёва, карэспандэнтка РС: “25 сакавіка 2006 году ў часе разгону шэсьця, якое накіроўвалася да турмы на Акрэсьціна, Дзьмітры Паўлічэнка на маё пытаньне, што гэта было, адказаў: “гэта драбяза, гэта шумавыя бомбы”. І дадаў: “Ну, нешта кшталту пэтардаў”.

Неяк я рабіла сюжэт пра тое, як вайскоўцы здаюць іспыты на атрыманьне крапавых бэрэтаў. Запомнілася тады, што Дзьмітры Паўлічэнка хаваўся тады ад журналістаў. Па тэрыторыі вайсковай часткі ён хадзіў у атачэньні ахоўнікаў”.

 

Дзьмітры Паўлічэнка, якія раней камандаваў брыгадай, накіраваны ў распараджэньне камандзіра ўнутраных войскаў, паведамляе Інтэрфакс.

Акалічнасьці адстаўкі Паўлічэнкі на называюцца. Да таго, як ён стаў камандаваць в/ч3214, ён кіраваў спэцыяльным атрадам хуткага рэагаваньня.

Паўлічэнка ўнесены ў сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША. Яго падазраюць у датычнасьці да зьнікненьня вядомых беларускіх палітыкаў і журналіста.

Сёлета ў ліпені Караева прызначылі камандзірам палка міліцыі спэцыяльнага прызначэньня ГУУС Менгарвыканкаму. Юрыю Караеву 42 гады. Раней ён камандаваў міліцэйскай брыгадай у Гомелі.

“Зьніклыя людзі ў Беларусі”

Мэмарандум спэцыяльнага дакладчыка Камітэта па юрыдычных пытаньнях і правах чалавека Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Хрыстаса Пургурыдэса.

14. [...] салдат СОБРу (спэцыяльных сіл Міністэрства ўнутраных спраў) па прозьвішчы Паўлічэнка (які кіраваў чырвонай аўтамашынай BMW — такую машыну бачылі на месцы выкраданьня Ганчара і Красоўскага), назіраў за адным з расстрэлаў, выкананых групай спадара Алкаева, і паводзіў сябе “падазрона”, па словах спадара Алкаева. У лістападзе 2000 году спадар Алкаеў даў дэталёвыя паказаньні сьледчым пракуратуры, і пісталет з журналам выдачы забралі як доказы”.

36. [...]. Ордэр на арышт, падпісаны тагачасным старшынём беларускага КДБ Мацкевічам і санкцыянаваны тагачасным Генэральным пракурорам Бажэлкам, кажа наступнае:

37. “Матэрыялы апэратыўнага расьсьледаваньня ўтрымліваюць вартыя даверу дадзеныя, якія пацьвярджаюць, што Дзьмітры Васільевіч Паўлічэнка зьяўляецца арганізатарам і кіраўніком крымінальнай структуры, якая мела дачыненьне да выкраданьня і фізычнага зьнішчэньня людзей. У прыватнасьці, крымінальная група на чале з Д.В.Паўлічэнкам была датычная да забойства Г.Самойлава, лідэра РНЕ, незарэгістраванай беларускай рэгіянальнай арганізацыі, як і да забойстваў іншых людзей. Прымаючы ў разьлік той факт, што Д.В.Паўлічэнка і яго крымінальная група могуць зьдзейсьніць і ў будучыні падобныя злачынствы і гвалт, […], вырашана [ужыць прэвэнтыўнае затрыманьне на 30 дзён]”.


Хрыстас Пургурыдэс пра ордэн Паўлючэнкі

У 2004 годзе адмысловы дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, аўтар дакладу “Зьніклыя людзі ў Беларусі” Хрыстас Пургурыдэс зьвярнуўся зь лістом да мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта. Пургурыдэс абурыўся рашэньнем мітрапаліта Філарэта параіць Патрыярху Маскоўскаму ўзнагародзіць ордэнам Уладзімера Дзьмітрыя Паўлючэнку.

“Я шакаваны зьвесткамі пра тое, што такі паважаны інстытут, як Беларуская Праваслаўная Царква, якая павінна быць заканадаўцай маралі і веры для ўсёй краіны, узнагародзіла царкоўным ордэнам такога чалавека, як спадар Паўлічэнка. Гэта жахлівы сыгнал ня толькі сваякам ахвяраў “эскадронаў сьмерці”, але і ўсяму народу Беларусі.

Узнагароджаньне Паўлічэнкі царкоўным ордэнам можа быць расцэнена як актыўная падтрымка рэжыму Лукашэнкі насуперак міжнароднай крытыцы і як зьнявага ўсіх, хто быў узнагароджаны ордэнам сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера ў мінулым…

Гісторыя кажа, што па ўсёй Эўропе царкоўныя лідэры мужна супрацьстаялі дыктатарскім рэжымам і заслужылі любоў і вернасьць людзей на доўгія гады нават пасьля канчатковага падзеньня дыктатуры. І наадварот, цэрквы, якія супрацоўнічалі з рэжымамі і якім не хапала сьмеласьці абараняць іх ахвяры, страцілі народную падтрымку”.

Дзьмітры Паўлічэнка нарадзіўся ў 1966 годзе ў Віцебску.

Пасьля 8-мі клясаў сярэдняй школы паступіў ў Менскую сувораўскую вучэльню.

1983 – стаў курсантам Менскай вышэйшай ваенна-палітычнай агульнавайскавой вучэльні.

1991 – пасьля распаду СССР, звольніўся з войска паводле скарачэньня. Уладкаваўся працоўным на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве. Працаваў трэнэрам па рукапашнаму бою і атлетычнай гімнастыкі ў дзіцяча-юнацкім спартовым клюбе.

1994 – паступіў на службу з Асобны батальён спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі на пасаду камандзіра ўзводу спэцназу. Праз нейкі час стаў камандзірам роты.

1995 – прайшоў кваліфікаваныя выпрабаваньні на права насіць крапавы бэрэт. Быў абараны старшынём Савету крапавых бэрэтаў унутраных войскаў. Служыў у Галоўным упраўленьні камандуючага Ўнутранымі войскамі МУС Беларусі на пасадзе начальнікаў Службы падрыхтоўкі падразьдзяленьняў спэцыяльнага прызначэньня.

2000 – прызначаны на пасаду камандзіра 3-й асобнай брыгады спэцыяльнага прызначэньня Ўнутраных войскаў МУС Беларусі.

Узнагароджаны баявым ордэнам “За асабістую мужнасьць”, мае мэдалі.

Некалькі год таму ў прэсу патрапіла пастанова пра затрыманьне Паўлічэнкі. Дакумэнт падпісаў тагачасны кіраўнік КДБ Уладзімер Мацкевіч.

“У матэрыялах апэратыўнай распрацоўкі маюцца дакладныя зьвесткі пра тое, што Паўлічэнка Дзьмітры Валер’евіч зьяўляецца арганізатарам і кіраўніком злачыннай групоўкі, якая займаецца выкраданьнем і фізычнай ліквідацыяй грамадзянаў. У прыватнасьці злачынная групоўка пад кіраўніцтвам Паўлічэнкі датычная да забойства 5 жніўня 2000 году Самойлава Г.В., лідэра незарэгістраванай Беларускай рэгіянальнай арганізацыі РНЕ, а таксама да забойстваў іншых асобаў”.

Аднак Паліўчэнку выпусьцілі з СІЗА КДБ на асабісты загад Лукашэнкі. На волі Паўлічэнка заявіў перад тэлекамэрамі, што “гатовы выканаць любы загад прэзыдэнта”.

Паўлічэнку падазраюць у ліквідацыі былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі, былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара, бізнэсоўца Анатоля Красоўскага і журналіста Зьмітра Завадзкага.