|   Сёння «верхняя палата» беларускага «парламента» ухваліла праект закона аб абароне інфармацыі, паведамляе Хартыя`97. 
			Законапраект «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» быў прыняты «палатай прадстаўнікоў» 9 кастрычніка. 
			Як сцвярджаюць аўтары закона, ён павінен рэгламентаваць парадак доступу грамадзянаў да інфармацыі, рэгуляваць пытанні абмену інфармацыяй і меры яе абароны, вызначаць правы і абавязкі ўладальнікаў і ўласнікаў праграмна-тэхнічных сродкаў. 
			Але незалежныя эксперты лічаць, што закон яшчэ больш звужае інфармацыйную прастору ў Беларусі. 
			Паводле словаў юрыста Міхаіла Пастухова, «будзе ўсталяваны татальны кантроль над усімі плынямі інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь. Будзе сфармаванае так званае інфармацыйнае гета, дзе дзяржава будзе цалкам праглядаць і кантраляваць любую інфармацыю». 
			«Грамадзяне могуць з гэтага часу атрымліваць інфармацыю толькі выбарачна, калі гэтая інфармацыя датычыць асабіста іх ці іх сваякоў, і быццам бы ставіцца пад сумнеў права грамадзянаў на атрыманне інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, аб эканамічным, палітычным становішчы, аб міжнародным жыцці, гэта значыць дзяржава становіцца ўласнікам, манапалістам усёй інфармацыі», — тлумачыць Міхаіл Пастухоў. 
			Новы закон уступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання. 
			 
			 
			 |