«Дзяды»: 2 лістапада 12:00, Усходнія могілкi

28.10.2008

2 лістапада ў Менску пройдзе мемарыяльная акцыя «Дзяды», прысвечаная Дню памяці продкаў. Акцыя пачнецца ў 12:00 ускладаннем кветак на магілы вядомых беларускіх дзеячоў на Усходніх могілках. Затым пройдзе шэсце па вуліцах Каліноўскага і Лагойскі тракт да ўрочышча Курапаты, дзе адбудзецца мітынг.

Старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі заявіў сёння на прэс-канферэнцыі, прысвечанай акцыі «Дзяды», што ўлады дазволілі правесці шэсце з Усходніх могілак ва ўрочышча Курапаты, па запланаваным раней маршруце.

Заяўку на правядзенне акцыі на «Дзяды» падпісалі старшыня Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі і яго намеснік Віктар Івашкевіч. Дазвол Менрайвыканкаму быў атрыманы ўчора, а Менгарвыканкама — сёння а 10 гадзіне раніцы.

«Мы хочам, каб гэтыя «Дзяды» прайшлі не менш масава, але больш кантрасна. Мы хочам узгадаць тых людзей, якія стаялі ля вытокаў беларускага Адраджэння. Мы ідзем ускласці кветкі на магілы знакамітых беларусаў: Васіля Быкава, Міхася Ткачова, Пімена Панчанкі, а таксама журналіста Ігара Герменчука і шмат-шмат каго іншага, бо на Усходніх могілках пахавана вельмі шмат вядомых беларускіх дзеячоў», — сказаў Лявон Баршчэўскі.

Палітык адзначыў, што ў гэтыя дні шмат хто памінае памерлых са сваіх сем'яў, але ёсць людзі, дарагія ўсім нам, якія вельмі шмат зрабілі для сваёй краіны.

«Гэтае памінанне душаў памерлых, але светлае памінанне. Каб не толькі ўзгадаць іх, але і падзякаваць», — адзначыў Лявон Баршчэўскі.

Старшыня аргкамітэта «Дзяды» Віктар Івашкевіч кажа, што гэта першая афіцыйна дазволеная апазіцыйная акцыя за сёлетні год.

«Хай гэты мітынг будзе не толькі выхадам тысячаў людзей, але і ўзняццем сотняў сцягоў», — падкрэсліў Віктар Івашкевіч. Палітык нагадаў, што выкарыстанне нацыянальнай сімволікі падчас акцыі дазволенае.

«Гэтая акцыя праводзіцца для таго, каб прадэманстраваць: наш беларускі сцяг падняты. На «Дзяды» трэба аб'яднацца і паказаць, што мы ідзем наперад», — сказаў Віктар Івашкевіч.

Віктар Івашкевіч адзначыў, што можна абсалютна легальна раздаваць на вуліцах улёткі аб акцыі — бо на іх пазначаныя выходныя дадзеныя.

Лявон Баршчэўскі таксама нагадаў аб тым, што 2 лістапада ў 17.00 у Рымска-каталіцкім прыходзе святых Сымона і Алёны пачнецца багаслужба аб памерлых, на якую запрашае пробашч прыходу айцец Уладзіслаў Завальнюк.