Сёньня ў Менску актывісты моладзевага дэмакратычнага руху правялі акцыі з нагоды Дня салідарнасьці.
Каля 30-ці сяброў моладзевага руху “Маладая Беларусь” сабраліся а 18-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Яны ўтварылі ланцуг і разгарнулі партрэты Аляксандра Баразенкі, а таксама зьніклых апазыцыянэраў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Юр’я Захаранкі. Удзельнікі акцыі таксама трымалі ў руках запаленыя зьнічы. Як толькі яны пачалі скандаваць “Свабоду Баразенку!” міліцыянты ў цывільным пачалі выцясьняць удзельнікаў акцыі з плошчы. Пры гэтым яны білі дэманстрантаў, адбіралі і рвалі партрэты, разьбівалі аб асфальт зьнічы.
Паводле Артура Фінькевіча, удзельнікі акцыі хацелі накіравацца да сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага, каб там пакласьці партрэты зьняволенага Аляксандра Баразенкі. Аднак міліцыянты не дазволілі ім туды пайсьці. І калі ўдзельнікі акцыі спрабавалі зьвярнуць з вуліц Няміга і Мясьнікова ў бок Валадарскага, міліцыянты перагароджвалі ім дарогу.
Удзельнікі акцыі моцна трымаліся за рукі і адзіным шэрагам ішлі па вуліцах з партрэтамі. Яны скандавалі “Свабоду палітвязьням! Свабоду Баразенку!”, “Жыве Беларусь!”. Міліцыянты давялі іх да будынку тэатра музкамэдыі. Міліцыянты сказалі, каб удзельнікі акцыі разыходзіліся. На гэтым акцыя скончылася, аднак міліцыянты яшчэ суправаджалі дэманстрантаў, вялі апэратыўныя відэаздымкі. Аднак нікога не затрымлівалі.
Таксама сёньня каля будынку фільгармоніі на плошчы Якуба Коласа некалькі актывістаў кампаніі “Эўрапейская Беларусь” правялі акцыю салідарнасьці з Аляксандрам Баразенкам. Яны трымалі партрэты зьняволенага і скандавалі «Свабоду Баразенку!» Праз некалькі хвілінаў акцыя скрончылася.
Нагадаем, Аляксандра Баразенку абвінавачваюць у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія прывялі да масавых беспарадкаў, што нібыта мелі месца падчас акцыі прадпрымальнікаў 21 студзеня. Ён апошні, 14-ы фігурант так званай “справе 14-ці”, 13 чалавек ужо пакараныя абмежаваньнем волі і штрафамі. Аляксандар - студэнт Уроцлаўскага ўнівэрсытэта па праграме Кастуся Каліноўскага. Суд над ім павінен адбыцца ў гэтым годзе.
Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода
|