|    Прадстаўнікі грамадзкасьці, а сярод іх Уладзімер Раманоўскі, Ігар Кузьняцоў, Вячаслаў Сіўчык, Алесь Макаеў, Артур Фінькевіч сабраліся сёньня, 29 лістапада, у Курапацкім лесе. Ушанаваньне памяці пачалося каля часовага крыжа ўдзельнікам Слуцкага збройнага чыну, які быў усталяваны летась. 
					Уладзімер Раманоўскі патлумачыў: 
					
					  “Мы былі тыдзень таму ў скульптара і мастака Матусевіча, які падрыхтаваў вялікі крыж Эўфрасіньні Полацкай з аздобай. Мы мяркуем, што ўвесну гэты крыж будзе тут усталяваны. Гэта месца па ініцыятыве таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры было вызначана як месца памяці тут, у Курапатах, Слуцкага паўстаньня”. 
					Старшыня мэмарыяльнай сэкцыі таварыства аховы помнікаў Вячаслаў Сіўчык адзначыў, што 27 лістапада 1920 года — адна з самых вялікіх датаў для ўсіх беларусаў. 
					“Бальшыня тых, хто паўстаў, каб жыла Беларусь, былі сяляне. Практычна ўсе, хто браў удзел у гэтым вызвольным чыне, пры савецкай уладзе былі зьнішчаны праз сыстэму ГУЛАГу. Мала хто зь іх выжыў. І зьнішчалі людзей ня толькі за тое, што яны ўдзельнічалі ў антыбальшавіцкім паўстаньні, іх зьнішчалі па пляне. А ў зоне Слуцкага збройнага чыну практычна зьнішчалі ўсё мужчынскае насельніцтва. І шлях гэтых слуцкіх змагароў у многіх закончыўся ў турмах, у ГУЛАГу. А Курапаты ёсьць нацыянальным нэкропалем, і, натуральна, сёньня мы ўшаноўваем у першую чаргу памяць слуцкіх змагароў”. 
					Гісторык Ігар Кузьняцоў нагадаў, што амаль два гады прадстаўнікі грамадзкасьці 29-га чысла наведваюць месцы масавых расстрэлаў ахвяраў рэпрэсій: 
					“Тая традыцыя, якая ўсталявалася са студзеня мінулага году — 29-га чысла кожнага месяца прыходзіць у Курапаты, парк 
					  Чалюскінцаў і іншыя месцы масавых расстрэлаў — сьведчыць пра тое, што памяць пра тых, хто загінуў у тыя гады, жыве. Магчыма, прыйдзе час — мы зможам выдаць кнігі. І ў пачатку году выйдзе кніга, якую мы рыхтавалі, у якой будзе 5720 прозьвішчаў тых, хто быў расстраляны ў Менску, пераважна ў 37—38 гадах. 
					  Гэта будзе першы памінальны сьпіс. Хаця на магільнай пліце тут пералічаны імёны ста прадстаўнікоў нашай інтэлігенцыі, якія былі расстраляныя ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 1937 году”. 
					Удзельнікі акцыі запальвалі зьнічы каля крыжоў, ускладалі кветкі. У гэты час у лесе зьявіліся міліцыянты, якія 
					  назіралі за тым, што адбывалася ў Курапацкім лесе. А перад гэтым двое ў цывільным накінуліся на адну з удзельніц ушанаваньня памяці на ўваходзе ў Курапацкі лес, разарвалі бел-чырвона-белы сьцяг, які яна несла, і зламалі дрэўка. Удзельнікі акцыі спрабавалі высьветліць у міліцыянтаў, што гэта былі за асобы. Уладзімер Раманоўскі апавёў: 
					“Усялякія спробы высьветліць, што гэта за барбарства было праяўлена і кім, прывяло да таго, што мы сказалі: якія вы абаронцы, вы такія ж вандалы, якія тут ламалі крыжы. Гэтым усё і скончылася”. 
					 
					    
					    Алесь Дашчынскі 
Радыё	Свабода				   
					 
					 
					    
					 
                     
					 |