|   Прыпыненне санкцый супраць беларускага рэжыма будзе перагледжанае ў залежнасці ад прагрэсу ў рэфармаванні выбарчага заканадаўства і канкрэтных крокаў у напрамку павагі дэмакратычных каштоўнасцяў. 
					Аб гэтым гаворыцца ў адказе Рады Еўразвяза на запыт нідэрландскага дэпутата Еўрапарламента Жанін Хеніс-Пласхерт. 
					У адказе паведамляецца, што ў адпаведнасці з рашэннем Рады ЕЗ 13 кастрычніка 2008 года з Беларуссю былі адноўленыя палітычныя адносіны з мэтай «спрыяць рэальнаму прагрэсу ў галіне ўмацавання дэмакратыі і павагі правоў чалавека». Пры гэтым дыялог у гэтым напрамку будзе развівацца з усімі ўдзельнікамі дэмакратычных працэсаў. 
					Санкцыі будуць перагледжаныя ў красавіку. У разлік будзе прыняты прагрэс у прывядзенні выбарчага заканадаўства ў адпаведнасць з абавязаннямі ў межах АБСЕ і міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў, а таксама іншыя «пэўныя крокі для забеспячэння павагі дэмакратычных каштоўнасцяў, вяршэнства закона, правоў чалавека і асноўных свабод», вядзецца ў дакуменце. Падкрэсліваецца, што ў Рады ЕЗ застаецца магчымасць падоўжыць візавыя санкцыі. 
					Як БелаПАН паведамляў раней, у канцы кастрычніка 2008 года еўрадэпутат Ж.Хеніс-Пласхерт накіравала французскаму старшынству запыт аб канкрэтным плане дзеянняў Беларусі і ЕЗ па паляпшэнні сітуацыі ў рэспубліцы. Яна прасіла ўдакладніць, па якіх крытэрах будуць правярацца ў красавіку дзеянні беларускіх улад, ці будуць ажыццяўляцца кансультацыі. 
					Еўрадэпутата таксама цікавілі планы аб сустрэчы кіраўніцтва Еўразвяза з апазіцыйнымі лідэрамі і прычыны адмены візавых санкцый у адносінах Аляксандра Лукашэнкі. 
					  
					Хартыя`97 
					 
					 
					 |