У Вашынгтоне абмяркуюць Беларусь

10 февраля 2009

У чацьвер у Вашынгтоне, у мясцовым аддзяленьні фонду Маршала, мае адбыцца сустрэча амэрыканскай грамадзкасьці зь беларускімі грамадзкімі актывістамі Ірынай Красоўскай, жонкай зьніклага Анатоля Красоўскага, і каардынатарам незарэгістраванай грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях” Паўлам Марозавым.

Як паведамляе Washington Times, на сустрэчы будуць абмяркоўвацца цяперашняя эканамічная і палітычная сытуацыя ў Беларусі, а таксама задачы, якія стаяць перад дэмакратычнай апазыцыяй.

Нямецкая фундацыя Маршала была створаная ў гады халоднай вайны з ініцыятывы тагачаснага канцлера ФРГ Вілі Бранта дзеля ўмацаваньня лучнасьці паміж Эўропай і ЗША. Цягам 30 гадоў гэтая арганізацыя аб’ядноўвае палітыкаў, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў, якія садзейнічаюць абмену паміж эўрапейскай ды амэрыканскай моладзьдзю, усталяваньню прыязных дачыненьняў паміж людзьмі, якія жывуць паабапал Атлянтыкі.

Галоўнымі ўдзельнікамі сёньняшняй сустрэчы ў Вашынгтоне будуць кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня “Мы памятаем”, жонка зьніклага Анатоля Красоўскага Ірына, каардынатар незарэгістраванай моладзевай арганізацыі “Трэці шлях” Павал Марозаў, а таксама дырэктар Браціслаўскага офісу фонду Маршала Павал Дэмеш. Размова будзе як пра сытуацыю ў Беларусі, так і пра палітыку ў дачыненьні да яе з боку ЭЗ ды ЗША.

Паводле Ірыны Красоўскай, у цяперашняй сытуацыі, калі амэрыканцам найбольш рупяць такія пытаньні, як эканамічны крызіс ды бясьпека, ёсьць адчуваньне, што ЗША па-ранейшаму захоўвае амбіцыі ўсясьветнага лідэра.

Таму сытуацыя з правамі чалавека ў такіх несвабодных краінах, як Беларусь, ня можа не цікавіць новую амэрыканскую адміністрацыю.

Раней у інтэрвію амэрыканскім СМІ Ірына Красоўская адзначыла, што ў Эўропе апошнім часам назіраецца пэўнае паслабленьне цікавасьці да выкананьня беларускім рэжымам шэрагу эўрапейскіх патрабаваньняў. Напрыклад — забесьпячэньня права грамадзянаў, апазыцыі, няўрадавых арганізацый, СМІ на крытыку ўладаў. Або правядзеньня незалежнага расьсьледаваньня справы зьніклых апанэнтаў рэжыму. Тым часам курс і зьмест амэрыканскай замежнай палітыкі застаецца нязьменным.

Паводле Ірыны Красоўскай, шмат каго расчаравала “палітыка эўрапейцаў адносна прыпыненьня санкцыяў супраць выезду Лукашэнкі ў краіны ЭЗ. Што да ЗША, то яны не зрабілі ніякай заявы пра аналягічныя намеры. Ёсьць спадзяваньні, што ідэалы свабоды і дэмакратыі будуць прэваляваць і ў новай адміністрацыі ЗША”.

Як лічыць Ірына Красоўская, інакш “палітычныя апанэнты ізноў могуць стаць палітычнымі зьняволенымі. Замест вызваленых палітвязьняў рэжым пачне арыштоўваць каго-небудзь іншага і ўзамен патрабаваць ад міжнароднай супольнасьці новых саступак”.