14 лютага ў Нью-Ёрку адбыўся мітынг Згуртаваньня Беларускай Моладзі ў Амэрыцы і Нью-Ёркскага аддзелу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
Як паведамілі Свабодзе актывісты ЗБМА, мэтай акцыі (аня адбылася каля рэзыдэнцыі мэра) было прыцягненьне ўвагі да «небясьпечных крокаў прэзыдэнта Беларусі А. Лукашэнкі ў бок мілітарызацыі краіны», у прыватнасьці — падпісаных на пачатку месяца ў Маскве пагадненьняў аб адзінай з Расеяй паветранай прасторы і сумеснай апэратыўнай вайсковай групоўцы некаторых краінаў СНД.
Старшыня ЗБМА Мікалай Цімашэнка павіншаваў прысутных са сьвятам каханьня і ад імя прысутных выказаў салідарнасьць з актывістамі Маладога Фронту Паўлам Кур’яновічам, Зьміцерам Дашкевічам і Міколам Дземідзенкам, якія былі зьбітыя падчас акцыі ў Менску. Мікіта Агароднік распавёў прысутным аб дзейнасьці ЗБМА ў справе дапамогі беларускім эмігрантам і супрацоўніцтва з амэрыканскімі ўладамі.
Прысутныя вырашылі накіраваць ліст да дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан з заклікам зьвярнуць увагу на вайсковыя дамовы як пагрозу сувэрэннасьці Беларусі і на рэпрэсіі супраць моладзевых апазыцыйных актывістаў. Таксама быў арганізаваны збор подпісаў у падтрымку стварэньня партыі Беларуская Хрысьціянская дэмакратыя. Вырашана ў дзень устаноўчага з’езду партыі, 28 лютага, правесьці акцыю падтрымкі ля будынку ААН.
Радыё Свабода
|