Запрашэнне Лукашэнкі на саміт ЕЗ раўнасільнае спробе дамовіцца з Гітлерам

16.02.2009

15 лютага прадстаўнікі беларускай дыяспары і палітэмігранты з Беларусі выказалі пратэст магчымаму запрашэнню Аляксандра Лукашэнкі на саміт краін Еўразвяза ў Прагу, паведамляе Хартыя`97.

Акцыя прайшла па ініцыятыве Моладзевага руху БНФ «Маладое Адраджэньне», зарэгістраванага ў Чэхіі як міжнародная няўрадавая арганізацыя.

На працягу гадзіны тыя, хто сабраліся, раздавалі зварот беларусаў Чэхіі да грамадзян еўрапейскіх краін і выказвалі пратэст супраць удзелу Лукашэнкі ў саміце ЕЗ, падпісання дамовы аб адзінай сістэме СПА паміж нелегітымным рэжымам Лукашэнкі і Расеяй, а таксама супраць рэпрэсій у адносінах беларускай апазіцыі.

Нагадаем, што 14 лютага ў Менску была жорстка разагнаная акцыя моладзі, прымеркаваная да Дня святога Валянціна. Супраць удзельнікаў мірнай акцыі быў кінуты АМАП, узброены дубінкамі.

Тэкст заявы ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў Празе гучыць наступным чынам:

«Мы, прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасьці Чэхіі, выказваем рашучы пратэст на запрашэньне на саміт краін Эўразьвязу-Усходняй Эўропы, які адбудзецца ў Празе ў траўні бягучага года, беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

Лукашэнку, які незаконна трымае Беларусь ў сваіх руках ужо дзевяць гадоў, нездарма клічуць апошнім дыктатарам Эўропы. Менавіта яго абвінавачваюць міжнародныя праваабарончыя структуры ў выкраданьні і забойстве палітычных апанентаў. Менавіта з уладай Лукашэнкі зьвязаныя тысячы арыштаў і перасьледаў у Беларусі па палітычных матывах, у тым ліку і за апошні год.

Заявы беларускай нелегітымнай ўлады пра тое, што за апошніх 5 месяцаў яна катэгарычна зьмянілася, не маюць пад сабою ніякіх лагічных падставаў. Масавыя арышты і перасьлед апазіцыянераў працягваюцца. Больш за тое, апазіцыйную моладзь пачалі масава выключаць з ВНУ і зараз жа прымусова прызываць у войска. Нават тых, хто не мае на тое здароўя. Так, толькі за апошні месяц такім чынам апынуліся ў войску пяцёра найбольш актыўных моладзевых апанентаў рэжыму.

Беларускія ўлады тыдзень таму падпісалі з Расеяй дамову аб агульнай супрацьпаветранай абароне – што зьяўляецца супрацьпастаўленьнем амэрыканска-заходнеэўрапейскай сістэме ПРА, да якой далучаецца і Чэхія. Гэта значыць, адкрыта супрацьпаставілі сябе Эўразьвязу, у тым ліку і ў ваенным сэнсе.

Тым не меньш, Чэхія, як краіна-старшыня ЭЗ у першую палову 2009 года, зьбіраецца запрасіць А Лукашэнку на травеньскі саміт. Відавочна, беларускія ўлады ўспрымуць гэта як патураньне і саступ Эўропы прынцыпам і яшчэ больш узмацняць рэпрэсіі ў краіне.

Беспакаранасць стварае ўседазволеннасьць.

Не варта забывацца на тое, што ў 1939 годзе Чэхія ўжо зрабіла гістарычную памылку, паспрабаваўшы дамовіцца з Адольфам Гітлерам. Чым гэта скончылася, ўсім нам сумнавядома.

З ДЫКТАТАРАМ ДАМОВІЦЦА НЕМАГЧЫМА!

Не дапусьціць яшчэ адной памылкі – мэта нашай сёньнешняй акцыі. Гэта тычыцца не толькі Чэхіі, але і ўсёй свабоднай Эўропы. Здрада дэмакратычным прынцыпам – першы крок да развалу Эўрапейскага Зьвязу.

НЕ – ЗАПРАШЭНЬНЮ ДЫКТАТАРА!!!

Дэмакратычная супольнасьць беларусаў Чэхіі».