Пачалося «цкаванне» удзельнікаў акцыі салідарнасці ў Барысаве

18 февраля 2009

16 лютага актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» выйшлі ў цэнтр Барысава з бел-чырвона-белым сцягам, расцяжкай «Салідарнасць» і запаленымі свечкамі.

Праз 10 хвілін пасля пачатку акцыі да яе ўдзельнікаў падыйшлі супрацоўнікі мясцовага аддзялення міліцыі, якія запатрабавалі спыніць мерапрыемства. Міліцыянты перапісалі прозвішчы актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» — Мікіты Галахвастага, Артура Дзівіна, Мікіты Ўласава, Алега Гаравога, Аляксея Пятрова — і заявілі, што на гэтым тыдні ўсе яны будуць выкліканыя па позвах у Барысаўскі РАУС.

Сёньня ўдзельнікам акцыі салідарнасці, якая прайшла ў Барысаве 16 лютага, пагражаюць выключэннем з навучальных установаў.

Як паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Алег Гаравы, вучняў 9 класа школы №8 Алега Галахвастава і Артура Дзівіна ў сераду выклікала школьная адміністрацыя. Дырэктар школы правяла з Галахваставым, Дзівіным і іх бацькамі некалькі тлумачальных гутарак. Яна папрасіла маладых людзей напісаць «тлумачальныя», чаму яны ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасці. Затым дырэктарка паведаміла, што 19 лютага да Галахвастава і Дзівіна «прыедзе праверка з Менска».

На тлумачальную гутарку таксама быў запрошаны і сам Алег Гаравы, навучэнец 11-га класа агульнаадукацыйнага ліцэя Барысава. Дырэктарка пацікавілася, у якой акцыі і з якой мэтай ён удзельнічаў. Увогуле ў кабінеце дырэктара сёння Гаравы правёў каля трох гадзінаў.

«Ведаю, што дырэктарцы тэлефанавала начальніца аддзела адукацыі Барысаўскага райвыканкама Казак Галіна Мікалаеўна, — распавядае Алег Гаравы. — Чакала, калі на мяне ў школе складуць характарыстыку. Казала, што прыедзе нейкая праверка з Менска. Дырэктарка ліцэя сказала, што самае простае, што са мной могуць зрабіць — выключыць з БРСМа. Я некалькі гадоў таму туды ўступіў, а выйсці нейк часу не знаходзілася. Сёння даведаўся, што заўтра мяне ўрачыста пазбавяць білета і значка БРСМ. У школу прыедзе начальнік БРСМ па Барысаве і мяне ў прысутнасці ўсіх выключаць».

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Мікіта Уласаў, які нядаўна пераехаў з Менска ў Барысаў, падаў дакументы ў Старабарысаўскую школу. Пасля акцыі салідарнасці 16 лютага ён даведаўся, што ў школу яго не бяруць. Пра гэта яму паведаміла асабіста дырэктарка школы.

Навучэнцу барысаўскай вучэльні №202 Яўгену Галубцу, які ўдзельнічаў у акцыі салідарнасці, дырэктар навучальнай установы сказала, што, хутчэй за ўсё, яго выключаць з вучэльні.