Сёньня на сядзібе Партыі БНФ адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня ляўрэата прэміі імя зьніклага грамадзкага дзеяча Юрыя Захаранкі. Заснавальнікам прэміі, якая мае назву “З адкрытым забралам” — рух “Абаронцы Айчыны”. Нягледзячы на тое, што прэміяй звычайна адзначаюцца дэмакратычныя актывісты, якія мелі дачыненьне да службы ў войску ці іншых сілавых структурах, па выніках 2008 году ўзнагароду атрымае журналіст Аляксандар Тамковіч.
Паводле аднаго з заснавальнікаў прэміі, праваабаронцы Алега Волчака, апрача Аляксандра Тамковіча (на здымку) ў “шорт-лісьце” на атрыманьне прэміі імя Юрыя Захаранкі фігуравалі кіраўнік арганізацыі “Саюз Чарнобыль-Беларусь” Аляксандар Валчанін і старшыня аргкамітэту ў стварэньні аб’яднаньня вэтэранаў баявых дзеяньняў у Аўганістане Аляксандар Камароўскі. Аднак экспэрты ўрэшце аддалі перавагу незалежнаму журналісту — летась за прафэсійную дзейнасьць Аляксандар Тамковіч падвяргаўся судоваму перасьледу з боку ўладных чыноўнікаў:
“Мы сачылі за дасягненьнямі ўсіх нашых афіцэраў. Аляксандар Тамковіч — таксама наш калега; ён ваенны журналіст, закончыў на выдатна Львоўскую вучэльню. І мы зьвярнулі ўвагу, што Тамковіч, нягледзячы на сваю хваробу, выдаў чатыры кнігі. Пісаў ён і пра праваабаронцаў, і пра палітзьняволеных, і пра праблемы ў журналістыцы. Гэтым ён паказаў, што не замкнуўся ў сабе, у сваіх праблемах, а застаўся патрыётам, знаходзіцца на вастрыні падзеяй. Мала за тое, сваім пяром робіць нашу беларускую гісторыю”.
Аляксандар Тамковіч — сябра праўленьня Беларускай асацыяцыі журналістаў. Паводле адукацыі вайсковы журналіст. Закончыў факультэт журналістыкі Львоўскай ваеннай вучэльні, працаваў у газэце “Во славу Родины”. Ад пачатку 1990-х — намесьнік галоўнага рэдактара тыднёвіка “Свободные новости”. Некалькі гадоў таму цяжка захварэў, аднак працягваў друкавацца ў незалежнай прэсе. Аўтар шэрагу кнігаў-інтэрвію з вядомымі ў Беларусі грамадзкімі дзеячамі. Кажа, што прэмія імя Захаранкі для яго вельмі сымбалічная:
“Для мяне гэта вельмі пачэсна. Не скажу, што я вельмі добра ведаў Юрыя Захаранку, але знаёмы быў. Адна з апошніх сустрэчаў адбылася дома ў Міхаіла Чыгіра. Здарылася так, што ў “Мэрсэдэсе” Захаранкі паляцеў рухавік. І я на сваёй “Аўдзі” цягнуў яго якраз на тую стаянку, дзе яго неўзабаве скралі”.
Аляксандар Тамковіч кажа, што пра свой удзел у адборы патэнцыйных ляўрэатаў нават не здагадваўся — да моманту, пакуль арганізатары гэта не канстатавалі як факт:
“Я даведаўся пра тое, што атрымаў перамогу, ад Алега Волчака і Сяргея Аніські. Яны завіталі да мяне і проста павіншавалі з гэтай перамогай. Я толькі потым з інфармацыйных паведамленьняў даведаўся, што быў конкурс і было шмат ахвотных атрымаць гэтую прэмію. І для мяне ўсё гэта ў літаральным сэнсе стала прыемнай нечаканасьцю”.
У розны час ляўрэатамі прэміі імя колішняга міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі былі экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў генэрал Валеры Фралоў, праваабаронца Гары Паганяйла, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандар Казулін, удзельнік ваенных дзеяньняў у Аўганістане, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч. Прэмія ад імя руху “Абаронцы Айчыны” штогод уручаецца за асабістую мужнасьць, прадэманстраваную ў экстрэмальных абставінах.
Юрый Захаранка зьнік пры загадкавых абставінах амаль 10 гадоў таму — 7 траўня 1999 году па дарозе са стаянкі да дому. У дэмакратычным асяродку не сумняюцца, што нэўтралізацыя яскравага апазыцыйнага палітыка тлумачыцца ягонай непрымірымай пазыцыяй у змаганьні з рэжымам.
Ігар Карней
Радыё Свабода
|