Беларусы запатрабавалі вызвалення палітвязняў

13.03.2009

Мірная акцыя з патрабаваннем вызваліць палітвязняў і спыніць рэпрэсіі супраць апазіцыі прайшла 12 сакавіка на Кастрычніцкай плошчы Менска.

У 18.00 на Кастрычніцкую плошчу Менска вышлі больш за 100 чалавек — актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», «Маладога Фронту», Партыі БНФ, «Маладой Беларусі», партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты палітычных зняволеных — нядаўна арыштаваных лідэраў прадпрымальнікаў з Ваўкавыска Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі, актывіста «Маладога Фронту» Арцёма Дубскага і праваабаронцы Яны Поляковой, якая скончыла жыццё самагубствам пасля прысуду да 2,5 годам абмежавання волі.

На Кастрычніцкую плошчу прыйшлі вядомыя ў краіне людзі — актывісты «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель, Зміцер Бародка, Павел Юхневіч, лідэр «Маладога Фронту» Зміцер Дашкевіч, старшыня Партыі Беларускага Народнага Фронту Лявон Баршчэўскі, лідэр «Маладой Беларусі» Артур Фінькевіч, сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянскай дэмакратыя» Павел Севярынец, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, былы палітвязень, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Аляксандр Баразенка, а таксама простыя менчукі.

Акцыя доўжылася на працягу 40 хвілін. Увесь гэты час дэманстранты практычна без перапынку скандавалі «Свабоду палітвязням!», «Жыве Беларусь», «Патрабуем спыніць палітычны тэрор!». Былі разгорнутыя дзве вялікія расцяжкі «Свабоду палітвязням!» і сцяг Еўрапейскага Звяза. Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель зачытаў заяву, звернутую да кіраўніцтва Еўразвяза:

«13 кастрычніка мінулага года Рада Еўрапейскага Звяза прыпыніла візавыя санкцыі ў адносінах беларускіх уладаў і прыняў рашэнне аб аднаўленні палітычных кантактаў з афіцыйным Менскам. Былі названыя пэўныя ўмовы, пры выкананні якіх магчымае супрацоўніцтва паміж ЕЗ і Беларуссю. Гэта, у першую чаргу, адсутнасць палітвязняў, дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, свабода слова і свабода сходаў. Прайшло пяць месяцаў з моманту прыняцця гэтага рашэння, і мы бачым, што сітуацыя не мяняецца. Ні адно з патрабаванняў ЕЗ не выкананае. Рэпрэсіі супраць апазіцыі не спыніліся, а, наадварот, толькі ўзмацніліся. У Беларусі па-ранейшаму застаюцца палітычныя вязні, і мы патрабуем іх неадкладнага вызвалення!».

За акцыяй апазіцыі назіралі некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа ў цывільным. Усё здымалася на відэакамеру. Прысутнічала на плошчы і кіраўніцтва ГУУС Менгарвыканкама.

Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі прымусіць людзей сыйсці з плошчы, абвяшчаючы праз мегафон, што людзі, якія мірна стаяць на плошчы з партрэтамі палітвязняў, праводзяць «несанкцыянаваную акцыю» і супраць іх можа быць ужытая фізічная сіла. Аднак гэтым разам, у адрозненне ад акцый 14 і 16 лютага, акцыя апазіцыі разагнаная не была.

«Гэта яшчэ раз даказвае, што апазіцыя праводзіць выключна мірныя акцыі. І калі міліцыя не ладзіць правакацыі, не разганяе людзей, жорстка збіваючы іх — то акцыі праходзяць у мірнай, цывілізаванай форме. Мы вышлі на плошчу, каб паказаць, што наш голас вельмі важны, мы хочам паказаць сусветнай грамадскасці, што ў Беларусі ёсць палітвязні і за свабоду трэба змагацца», — заявіў у інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 Яўген Афнагель.

У канцы акцыі моладзевыя лідэры заклікалі менчукоў прыйсці на Кастрычніцкую плошчу Менска ў Дзень салідарнасці 16 сакавіка, у 20.00, каб зноў запатрабаваць ад улад неадкладнага вызвалення Вязняў сумлення.