Карл Шварцэнбэрг: наша рашэньне адлюстроўвае складаную сытуацыю ў Беларусі

16 марта 2009

МІністар замежных спраў Чэхіі пракамэнтаваў сёньняшняе рашэньне Эўразьвязу аб Беларусі.

Карл Шварцэнбэрг, міністар замежных спраў Чэхіі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, пасьля сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу наступным чынам пракамэнтаваў для журналістаў рашэньне аб візавых санкцыях супраць беларускага рэжыму:

“Мы пагадзіліся, што Эўразьвязу трэба працягваць сваю ангажаванасьць у Беларусі і падтрымку станоўчых падзеяў у краіне. З гэтай мэтай мы пагадзіліся працягнуць прыпыненьне візавай забароны на ўезд некаторых беларускіх афіцыйных асобаў яшчэ на 9 месяцаў. Адначасова мы вырашылі працягнуць гэтыя абмежавальныя меры яшчэ на 12 месяцаў... Рашэньне прадоўжыць санкцыі і працягнуць прыпыненьне візавай забароны адлюстроўвае складаную сытуацыю ў Беларусі, якую мы назіралі цягам апошніх тыдняў. Апошнія выпадкі парушэньня правоў чалавека, безумоўна, нас непакояць. Эўразьвяз гатовы да паглыбленьня сваіх дачыненьняў зь Беларусьсю ў залежнасьці ад прагрэсу, які гэтая краіна будзе рабіць”.

Рада прыняла наступныя рашэньні (поўны тэкст):

1. Рада вітае некаторыя пазытыўныя крокі, прынятыя Беларусьсю пасьля рашэньня Рады па часовым прыпыненьні візавых абмежаваньняў для некаторых беларускіх афіцыйных асобаў у кастрычніку 2008 года. Рада таксама вітае разьвіцьцё дыялёгу паміж ЭС і Беларусьсю на высокім узроўні, улучна з двухбаковымі кантактамі, і больш інтэнсіўнае тэхнічнае супрацоўніцтва па ініцыятыве Камісіі, як шлях пабудовы узаемнага разуменьня і забесьпячэньня магчымасьці супольна вырашаць пытаньні абодвух бакоў з улікам узаемных інтарэсаў. Рада таксама вітае і падтрымлівае працяг супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і АБСЭ/БДІПЧ у пытаньнях разьвіцьця выбарчага заканадаўства.

2. Тым ня менш, Рада па-ранейшаму заклапочаная сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і нядаўнімі выпадкамі парушэньняў у гэтай галіне. Рада падкрэсьлівае важнасьць вырашэньня Беларусьсю адпаведных пытаньняў і працягу руху наперад, праз значныя і прагрэсіўныя захады у галінах, пазначаных у рашэньнях Рады ад 13 кастрычніка 2008 году. У гэтым кантэксьце, Рада чакае пачатку дыялёгу ў галіне правоў чалавека зь Беларусьсю ў бліжэйшай будучыні.

3. Каб паспрыяць прыняцьцю і рэалізацыі канкрэтных мераў на шляху да дэмакратыі і павагі да правоў чалавека і асноўных свабодаў, Рада – вырашаючы аб падаўжэньні з даты паседжаньня Рады абмежавальных мераў, вызначаных у Агульнай Пазыцыі 2006/276/CFSP, і падоўжаных Агульнай Пазыцыяй 2008/844/CFSP – вырашыла падоўжыць тэрмін прыпыненьня дзеяньня візавых абмежаваньняў для некаторых беларускіх афіцыйных асобаў, у адпаведнасьці з умовамі, вызначанымі ў Агульнай Пазыцыі Рады 2008/844/CFSP, на пэрыяд дзевяць месяцаў. Па сканчэньні дзевяці месяцаў, Рада правядзе ўсебаковы перагляд абмежавальных мераў, беручы пад увагу сытуацыю ў Беларусі, і, пры ўмове далейшых пазытыўных крокаў, будзе гатовая да разгляду магчымасьці адмены абмежавальных мераў. У любы час, пры неабходнасьці, Рада можа ўзнавіць візавыя абмежаваньні, у сьвятле дзеяньняў беларускіх уладаў у галіне дэмакратыі і правоў чалавека.

4. Эўрапейскі Зьвяз застаецца гатовы да паглыбленьня стасункаў зь Беларусьсю пры ўмове прагрэсу Беларусі ў кірунку дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства права, і гатовы дапамагчы Беларусі ў дасягненьні гэтых мэтаў. Эўрапейскі Зьвяз падкрэсьлівае важнасьць усіх прынцыпаў і абавязкаў, узятых Беларусьсю ў межах АБСЭ. Эўрапейскі Зьвяз будзе разьвіваць сваё супрацоўніцтва зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю для падтрымкі разьвіцьця дэмакратычнага і плюралістычнага асяродзьдзя."