ЕЗ прыпыніў санкцыі супраць беларускага дыктатара яшчэ на 9 месяцаў

16.03.2009

Міністры замежных справаў краінаў ЕЗ пацвердзілі рашэнне аб неўжыванні візавых санкцыяў у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі.

Мараторый на дзеянне санкцыяў падоўжаны яшчэ на дзевяць месяцаў, паведаміла агенцтва «Рэйтэр».

Еўрапейскія міністры таксама прывіталі «асобныя станоўчыя крокі, зробленыя ўладамі Беларусі, у прыватнасці, супрацоўніцтва з АБСЕ». «Між тым, Рада ЕЗ па-ранейшаму заклапочаная сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і апошнімі выпадкамі парушэнняў у гэтай галіне ў краіне», — кажацца ў заяве.

Еўрапейскі Звяз па-ранейшаму гатовы паглыбляць свае стасункі з Беларуссю ў залежнасці ад прагрэсу, які Беларусь будзе рабіць на шляху да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршынства закону, і гатовы дапамагчы Беларусі дасягнуць гэтых мэтаў. ЕЗ падкрэслівае важнасць усіх прынцыпаў і абавязальніцтваў, якія Беларусь прыняла на сябе ў межах АБСЕ. Еўразвяз інтэнсіфікуе сваё супрацоўніцтва з беларускай грамадзянскай супольнасцю, каб падтрымаць развіццё дэмакратычнага і плюралістычнага асяроддзя.

Еўрапейскія міністры не прыйшлі да адзінага меркавання пра запрашэнне на ўстаноўчы саміт праграмы Усходняе партнёрства Аляксандра Лукашэнкі. Чакаецца, што гэтае пытанне будзе разгледжанае кіраўнікамі краінаў ЕЗ на Еўрапейскім саміце ў Брусэлі 19—20 сакавіка.

Кіраўнікі МЗС дзяржаваў ЕЗ у кастрычніку 2008 года вырашылі прыпыніць дзеянне забароны на выдачу візаў беларускім службовым асобам, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, якая была уведзеная ў 2006 годзе пасля прэзідэнцкіх выбараў. Санкцыі распаўсюджваліся на Лукашэнку і 41 беларускага чыноўніка.

Еўрапейскія міністры дамовіліся тады ізноў абмеркаваць праз паўгады сітуацыю і, у залежнасці ад становішча з правамі чалавека ў Беларусі, аднавіць санкцыі ці не ўжываць іх.

Варта адзначыць, што за паўгады мараторыя на дзеянне санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў у Беларусі працягваліся палітычныя рэпрэсіі. З'явіліся новыя палітвязні. У лютым у Ваўкавыску былі арыштаваныя лідэры прадпрымальнікаў Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладзімір Асіпенка. У тым жа месяцы быў арыштаваны ўдзельнік «Працэсу 14-ці», актывіст «Маладога Фронту» Арцём Дубскі. У Беларусі назіраўся гвалтоўны прызыў у армію. Не гледзячы на медыцынскія паказанні, у армію былі прызваныя Франак Вячорка, Іван Шыла, Зміцер Хведарук. У сакавіку скончыла жыццё самагубствам праваабаронца Яна Палякова, якая цярпела ціск беларускіх уладаў.

Застаюцца абмежаванымі ў правах прысуджаныя да абмежавання волі за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў актывісты апазіцыі Аляксей Бондар, Міхаіл Крываў, Міхаіл Пашкевіч, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч, Міхаіл Субач, Павал Вінаградаў, Максім Дашук і Аляксандр Баразенка.

Як паведаміла напярэдадні саміту аўстрыйская газета «Wiener Zeitung», за падаўжэнне тэрміну прыпынення санкцыяў выступала Нямеччына. Скептычна ставіліся да такой палітыкі ЕЗ у дачыненні да Беларусі Швецыя і Вялікабрытанія.

Па паведамленнях галандскай прэсы, міністр замежных справаў Нідэрландаў Максім Ферхаген выступаў за ўзмацненне санкцыяў у дачыненні беларускіх уладаў. Пра гэта ён паведаміў 12 сакавіка ў парламенце Нідэрландаў падчас дэбатаў у камітэце па замежных справах.

У цяперашні час у спісе неўяздных застаюцца міністр унутраных справаў Беларусі Уладзімір Навумаў, былы дзяржсакратар Савета бяспекі Віктар Шэйман, былы кіраўнік МУС Юры Сівакоў і былы камандзір брыгады спецназа ўнутраных войскаў МУС Дзмітры Паўлічэнка, якіх міжнародная супольнасць падазрае ў датычнасці да гвалтоўных знікненняў вядомых беларускіх палітычных дзеячаў Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі і журналіста Зміцера Завадскага. У спіс неўяздных уключаная таксама кіраўнічка Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына, адказная за фальсіфікацыі вынікаў «выбараў».