У Лідзе ўшанавалі памяць зніклых

17.03.2009

Актывісты грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» правялі ў Лідзе акцыю салідарнасці з роднымі зніклых палітыкаў.

У цэнтры горада каля кінатэатра «Юбілейны» маладыя людзі разгарнулі расцяжку з прозвішчамі зніклых палітыкаў і журналіста. Пікет доўжыўся 15 хвілін. Людзі, якія праходзілі міма, выказваліся ў падтрымку акцыі, а таксама фатаграфаваліся на фоне расцяжкі.

Нагадаем, што ў 1999-2000 гадах у Беларусі зніклі першы віцэ-спікер Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання, былы старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Віктар Ганчар, бізнэсмэн і грамадскі дзеяч Анатоль Красоўскі, экс-кіраўнік МУС, які пасля стаў апазіцыйным палітыкам, Юрый Захаранка, аператар ОРТ Зміцер Завадскі. Аб лёсе гэтых людзей нічога не вядома.

Аб неабходнасці высвятліць лёс зніклых беларускіх апазіцыянераў стала заяўляе міжнародная супольнасць. Патрабаванне рскрыць праўду аб іх знікненні змяшчаецца ў рэзалюцыях Камісіі ААН па правах чалавека, Парламенцкіх асамблей Рады Еўропы і АБСЕ.

Шэрагу высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, у прыватнасці міністру ўнутраных спраў Уладзіміру Навумаву, былому сакратару Савета бяспекі Беларусі Віктару Шэйману, былому кіраўніку МУС Юрыю Сівакову і былому камандзіру спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрыю Паўлічэнке забаронены ўезд у краіны Еўразвяза і ЗША з-за падазронаў у іх дачынення да выкраданняў апазіцыянераў, нагадвае Хартыя`97.