Менгарвыканкам дазволіў збор удзельнікаў 25 сакавіка, у 18.00 каля будынку Акадэміі Навук, аднак мітынг дазволены толькі на плошчы Банголор. Апазіцыя ж падавала заяўку на шэсце да Кастрычніцкай плошчы.
Адказ арганізатарам акцыі ў Дзень Волі прыйшоў сёння з Менскага гарвыканкама і падпісаны намеснікам старшыні выканкама Міхаілам Ціцянковым.
Нагадаем, што заяўку на правядзенне акцыі 25 сакавіка ў Дзень Волі падавалі лідэры Партыі БНФ: Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч і Вінцук Вячорка. Заяўка была пададзеная ў Менгарвыканкам яшчэ 4 лютага. У ёй лідэры Партыі БНФ заявілі маршрут: Акадэмія Навук — Кастрычніцкая плошча. У заяўцы таксама было асобна адзначана: «Бангалор не прапаноўваць».
«Нічога нечаканага не адбылося, улады традыцыйна адправілі нас на Банголор», — паведаміў намеснік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Адзіным «плюсам» ён лічыць той факт, што збор дазволены на запланаваным месцы — на пляцоўцы каля Акадэміі Навук.
Рашэнне менскіх уладаў пракаментаваў прэс-цэнтру Хартыі’97 намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.
«У нас ёсць рашэнне гарвыканкама, ёсць магчымасць усім прыхільнікам незалежнасці Беларусі сабрацца легальна каля Акадэміі Навук. Мы заклікаем кожнага, хто пойдзе на акцыю прынесці з сабой нацыянальную сімволіку — бел-чырвона-белы сцяг ці стужкі. Ці плакат з лозунгамі патрабаванняў да ўладаў, партрэты палітвязняў і рэпрэсаваных. Каб кожны сам прынес на гэтую акцыю візуальнае афармленне таго, што ён хацеў бы сказаць уладзе. Рашэнне пра тое, куды ісці, будзе прынятае на Акадэміі навук. Гэтае пытанне будзе пастаўленае на галасаванне ўдзельнікаў акцыі ў Дзень Волі», — заявіў палітык.
Хартыя’97
|