|     
					   
					  Сьледзтва па справе прадпрымальнікаў з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенкі працягнутае яшчэ на месяц. 
					“Сьледзтва працягнутае яшчэ ня менш як на месяц”, — паведаміў адвакат Вадзім Мушынскі, які абараняе прадпрымальніка Юрыя Лявонава. 
					Былы палітвязень Юры Лявонаў праходзіць па адной справе зь Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам. Прадпрымальнікаў з Ваўкавыску арыштавалі 8 лютага і падазраюць у падпалах, якія адбыліся 5 гадоў таму. Прычым вінаватыя ў тых злачынствах ужо асуджаныя і адбываюць пакараньні. 
					Вадзім Мушынскі паведаміў, што ягоны падабаронны Юры Лявонаў, як і іншыя абвінавачаныя, па-ранейшаму не прызнаюць сябе вінаватымі: 
					“Ніхто віны не прызнае, гэта натуральна. Невядома, як будзе далей дзейнічаць сьледзтва, якія будуць доказы. Гэта ўсё будзе вядома ў канцы сьледзтва”. 
					2 сакавіка міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў заявіў у адказ на пытаньне “Радыё Свабода” адносна справы Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенкі, што ў ёй нібыта ёсьць зрухі, а яе фігуранты нібыта супрацоўнічаюць са сьледзтвам. Вось што яшчэ казаў спадар Навумаў адносна сьледзтва: 
					“Захоўвалася выбухоўка, зброя, якія плянавала выкарыстаць групоўка, у якую ўваходзяць Аўтуховіч ды іншыя затрыманыя. Зараз мы маем нашмат больш інфармацыі, бо фактычна шмат хто зь іх супрацоўнічае са сьледзтвам. Праз тыдзень-два мы яшчэ выставім ім абвінавачаньні”, — казаў міністар Навумаў 2 сакавіка. 
					Між тым, паводле сваякоў арыштаваных прадпрымальнікаў, новых абвінавачаньняў ім дагэтуль ня выставілі, а сьледчыя дзеяньні зь іхным удзелам фактычна не вядуцца: 
					
					  “Сьледзтва ідзе, але яго пакуль не чапаюць, не дапытваюць”, — сказала жонка Мікалая Аўтуховіча Алена. Дачка Ўладзімера Асіпенкі Людміла таксама кажа пра тое, што яе бацька сьледчых не цікавіць: 
					“Адвакат яго наведвала і кажа, што ніхто зь ім не працуе, ніякіх вочных ставак зь ягоным удзелам не было”. 
					І дачка Юрыя Лявонава Юля таксама паведаміла, што сьледчых дзеяньняў з удзелам яе таты не вядзецца. 
					Утрымліваюць вязьняў у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. Юры Лявонаў, які неўзабаве пасьля арышту патрапіў у турэмны шпіталь, цяпер сядзіць у камэры, разьлічанай на 5 арыштантаў. Разам зь Лявонавым у камэры 6 чалавек. Уладзімер Асіпенка знаходзіцца ў камэры разам зь яшчэ 14-цю вязьнямі. На ўмовы ня скардзіцца, кажуць ягоныя сваякі. Пра Мікалая Аўтуховіча жонка Алена паведаміла, што яе лісты да мужа і ягоныя лісты да яе строга рэдагуе турэмная цэнзура: “Частка лістоў прыходзіць з выкасаванымі радкамі”, — паведаміла Алена Аўтуховіч. 
					Днямі праваабаронцы Беларусі заклікалі міжнародную арганізацыю Amnesty International прызнаць Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку палітычнымі вязьнямі. Былыя беларускія палітвязьні Аляксандар Казулін, Сяргей Парсюкевіч і Андрэй Кім таксама мяркуюць, што Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка сталі чарговымі палітычнымі ахвярамі беларускага рэжыму. Нагадаем, на пачатку дзесяцігодзьдзя лідэры прадпрымальніцкага руху Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў ужо адбывалі пакараньні ў калёніі паводле прысудаў, якія праваабаронцы лічаць палітычна матываванымі. Былы “аўганец” Мікалай Аўтуховіч ў калёніі трымаў галадоўку пратэсту, якая доўжылася болей за 70 дзён.  
					  
					Алег Грузьдзіловіч 
Радыё	Свабода				 
					 
					 
					 |