|   У Дзень Волі ў Кіеве адбылося пікетаваньне амбасады Беларусі. Ініцыятырамі выступілі актывісты і беларусы, што жывуць у Кіеве. 
			Удзельнікамі пікетаваньня было ўзгадана пра апазыцыйных актывістаў Беларусі, якія адчулі ціск з боку беларускіх уладаў. Нагадаем, зараз знаходзяцца ў СІЗА і чакаюць судоў Арцём Дубскі, Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Уладімер Асіпенка. 
			Падчас пікетаваньня пратэстанцкі сьвятар Яраслаў Лукасік, што быў дэпартаваны зь Беларусі ў 2007 годзе, зазначыў, што ў Беларусі адсутнічае свабода сумленьня і слова. 
			"У краіне стала чыняцца перашкоды ў дзейнасьці пратэстанцкіх і каталіцкіх цэркваў, бо яны маюць незалежнае стаўленьне да падзей, што адбываюцца ў Беларусі", — апавёў Яраслаў Лукасік. 
			Актывісты падрыхтавалі зварот да беларускіх уладаў, у якім яны патрабуюць спыніць ціск на хрысьціянскія цэрквы ў Беларусі і незалежныя мэдыі, пакласьці канец палітычным рэпрэсіям супраць апазыцыі і правесьці амністыю палітвязьняў. 
			На просьбу пікетоўца, каб нехта выйшаў з амбасады забраць зварот, яе супрацоўнікі заявілі, што такія формы працы ў дзейнасьці іхняй установы не прадугледжаныя, і прапанавалі дасылаць усе дакумэнты і звароты поштаю.  
			  
			Прэс-служба МФ 
					 |