У Курапатах ушанавалі памяць ахвяр камунізму

30.03.2009

У нядзелю ў мемарыяльным комплексе Курапаты адбылася традыцыйная акцыя ўшанавання памяці ахвяр камунізму, якія праходзяць 29-га чысла кожнага месяца ўжо больш за два гады.

Тут сабраліся і маладыя беларусы, і людзі старэйшага ўзросту. У акцыі таксама прынялі ўдзел актывісты «Маладога Фронту».

Патрыёты запалілі свечкі і ўсклалі да помнікаў і крыжоў кветкі, а таксама ўзнялі нацыянальны сцяг і ўшанавалі памяць загінулых хвілінай маўчання. Пасля удзельнікі акцыі праспявалі нацыянальны беларускі гімн «Магутны Божа».

Старшыня секцыі «Мемарыял» Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Вячаслаў Сіўчык выступіў перад людзьмі, якія сабраліся. Ён нагадаў, што тыднем раней сябры секцыі правялі памінанне ахвяр Хатыні і іншых беларускіх вёсак, спаленых у гады вайны. На месцы вёскі Вялікая Губа, знішчанай «агульнымі высілкамі партызан і фашыстаў», быў асвячоны памятны крыж, перадае БелаПАН.

«Хатынь і Курапаты — наш агульны боль. Калі мы хочам быць нармальнай краінай, то павінныя памятаць нашых герояў», — заявіў В.Сіўчык.

Ён паведаміў, што 14 красавіка секцыя «Мемарыял» правядзе паседжанне «круглага стала» на тэму беларускага партызанскага руху.

Лідэр кардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Менска Алесь Макаеў назваў Курапаты сакральным месцам, дзе трэба ўсталёўваць крыжы і паважаць памяць тых, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі.

За акцыяй назіралі два чалавекі ў цывільным і два міліцыянты ў форме. Яны не перашкаджалі людзям, але здымалі ўсё, што адбываецца, на відэакамеру.