У справе Аўтуховіча — яшчэ адзін затрыманы

6 апреля 2009

Гэта сьлесар кампаніі «Сьціф-Транс» Віктар Макуць. З Ваўкавыску яго даставілі ў менскую турму на Акрэсьціна.

Пра гэта нашаму радыё паведаміў праваабаронца Алег Воўчак. Вядома, што ў доме Макуця быў праведзены ператрус. Са слоў праваабаронцы, пры ператрусе знайшлі некалькі патронаў ад паляўнічай стрэльбы.

Макуця ўжо дапытвалі 8 лютага, у той дзень, калі ў Ваўкавыску затрымалі Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку. Ягоная фірма арандуе памяшканьні там, дзе працавалі затрыманыя.

Вядома, што Віктару Макуцю 55 гадоў, ягоная маці інвалід, а ў самога яго высокі ціск нырак.

Ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку затрымалі 8 лютага. Усім тром прад’явілі абвінавачаньне паводле артыкула 218 (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці). Праваабаронцы лічаць затрыманых палітычнымі вязьнямі. Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава раней ужо былі асудзілі і вызвалілі датэрмінова.