Еўразвяз абвесціў пра пачатак дыялогу з Беларуссю аб захаванні правоў чалавека

06.04.2009

Рада Еўразвяза на ўзроўні міністраў юстыцыі краінаў ЕЗ па выніках паседжання 6 красавіка ў Люксембурзе абвясціла пра пачатак дыялогу з Беларуссю аб захаванні правоў чалавека.

У межах дыялогу прадугледжваюцца сустрэчы "прынамсі раз у год". Перамовы будуць папераменна праходзіць і ў Беларусі, і ў ЕЗ, перадае БелаПАН са спасылкай на Франс Прэс.

Міністры замежных справаў краінаў ЕЗ на паседжанні 16 сакавіка пацвердзілі свой намер развіваць адносіны з Беларуссю ў залежнасці ад прагрэсу краіны ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона, а таксама дапамагаць ёй у дасягненні гэтых мэтаў.

Тады ў выніковым дакуменце еўрапейскія міністры прывіталі станоўчыя моманты развіцця сітуацыі ў Беларусі. Разам з тым яны зазначылі, што захоўваецца занепакоенасць ў сувязі з "сітуацыяй з правамі чалавека ў краіне і нядаўнімі выпадкамі парушэнняў у гэтай галіне". У дакуменце падкрэсліваецца важнасць гэтага пытання і неабходнасць прагрэсу. Там жа было абвешчана, што ў хуткім часе ЕЗ пачне дыялог з Беларуссю па пытанні захавання правоў чалавека.