«Улады баяцца нават прывіду Генадзя Карпенкі»

6 апреля 2009

6 красавіка 1999 году, роўна 10 гадоў таму, памёр вядомы апазыцыйны палітык Генадзь Карпенка. Усе абставіны ягонай сьмерці ня высьветленыя да гэтага часу. Жонка Генадзя Карпенкі — Людміла, якая жыве ў Нямеччыне, дагэтуль упэўненая, што гэта было забойства.

Жонка Генадзя Карпенкі Людміла і дзеці — сын Дзьмітрый і дачка Тацьцяна — праз два гады пасьля яго сьмерці былі змушаныя зьехаць зь Менску ў Нямеччыну. Прычына, як цьвердзіць спадарыня Людміла, — перасьлед і ціск з боку ўлады. У Нямеччыне сям’я атрымала статус палітычных уцекачоў.

Вяртацца на радзіму, як сказала сёньня Людміла Карпенка, дагэтуль не выпадае:

“Я цудоўна разумею, што маім дзецям не далі б магчымасьці на радзіме працаваць і жыць спакойна. Уявіце, прайшло 10 гадоў, а магчымасьці правесьці нармальна вечарыну памяці Генадзя не даюць. Калі і праз 10 гадоў прозьвішча не дае камусьці спакою, дык пра што тут далей казаць?! Баяцца нават прывіду Генадзя”.

Спэцыяльны аргкамітэт, створаны дзеля ўшанаваньня памяці Генадзя Карпенкі, паабіваў нямала парогаў. Але паўсюль да прозьвішча вядомага апазыцыянэра ставіліся вельмі насьцярожана. І толькі ў беларуска-нямецкім адукацыйным цэнтры пагадзіліся выдзеліць залю на вечар-рэквіем.

Людміла Карпенка кажа, што боль ад страты зь цягам часу не зьмяншаецца:

“Ня ведаю, можа, я такі чалавек? Але адчуваньне гора не зьмяншаецца. Асабліва калі падыходзяць такія даты. Тады надзвычай цяжка.

У некаторых жанчын гэта ня так праходзіць. Можа, таму, што яны інакш жылі, што побач быў іншы чалавек. Вядома, людзей, якія хоць адзін раз зь ім кантактавалі, далей цягнула да яго. І мне дагэтуль цяжка, бо Генадзь быў Чалавекам зь вялікай літары. Я жыла за ягонымі шырокімі плячыма і ведала, што ён мне ня здрадзіць, не пакрыўдзіць”.

Міжнародны фонд імя Генадзя Карпенкі спачатку багата рабіў для адукацыі насельніцтва. Калі ўдава палітыка яшчэ жыла ў Беларусі, арганізоўваліся лекцыі, паездкі ў рэгіёны. Цяпер гэта ўсё спынілася, кажа Людміла Карпенка:

“А каму гэта патрэбна цяпер? Каму гэтым займацца? Няма каму. Валера Костка (былы памочнік Генадзя Карпенкі ў Вярхоўным Савеце) сваіх спраў мае па горла. Дзякуй, што цяпер ён выцягнуў усю вечарыну памяці на сваіх плячах”.

Сёньня на магіле Генадзя Карпенкі мае зьявіцца традыцыйны кошык кветак ад яго ўдавы і дзяцей:

“Так, мы просім. І Таніны сяброўкі дапамагаюць. І гэтым разам мы патэлефанавалі адной сяброўцы, і яна паабяцала, што сёньня будзе ад нас ляжаць кошык кветак. Нават з жалобнай стужачкай, так мы папрасілі”.

Людміла Карпенка кажа, што ёй дагэтуль цяжка засынаць:

“І ня толькі ў гэты дзень. Я кладуся спаць, і калі адразу не засынаю, то пачынаецца чарада ўспамінаў, думак. І тады засынаеш толькі з таблеткай. Я не хачу плакацца, але...”

Дачка Карпенкаў — Тацяна працуе ў банку ў Франкфурце. Унучка Насьця, якой 10 гадоў, пайшла ў гімназію. Сын Дзьмітрый часова беспрацоўны. Ягонай дачцэ 6 гадоў.

Генадзь Карпенка — віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня, адзін з кіраўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, старшыня “ценевага” ўраду Беларусі. Ён актыўна ўдзельнічаў у спробе вынесьці ў 1996 годзе імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку.