Аляксандр Лукашэнка прыняў адстаўку міністра ўнутраных справаў Уладзіміра Навумава. Афіцыйная прычына — па стане здароўя.
Уладзімір Навумаў адзін са «старажылаў» беларускай уладнай сістэмы. Міністрам унутраных справаў ён быў з верасня 2000 года. Да гэтага з'яўляўся камандзірам спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз", начальнікам Службы бяспекі прэзідэнта Беларусі.
Ужо некалькі гадоў Уладзімір Навумаў занесены ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕЗ і ЗША і чые фінансавыя актывы замарожаныя. Нароўні з былымі сакратаром Савета Бяспекі Віктарам Шэйманам, камандзірам спецназа ўнутраных войскаў Дзмітрыем Паўлічэнкам і былым міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым ён падазраецца міжнароднай супольнасцю ў датычнасці да выкраданняў і забойстваў лідэраў апазіцыі.
У бытнасць міністрам ўнутраных справаў Уладзімір Навумаў уславіўся тым, што часта асабіста прысутнічаў на акцыях пратэсту апазіцыі і камандаваў разгонам і збіццём удзельнікаў мірных дэманстрацыяў. Гэта, дарэчы, добра відаць на гэтых фота і відэа:
Апошняя нашумелая ініцыятыва Навумава — правядзенне ўсеагульнай дактыласкапіі насельніцтва. Такім чынам міністр збіраўся знайсці вінаватага ў выбуху, які прагрымеў у Менску 4 ліпеня 2008 года на афіцыйны Дзень незалежнасці. Дарэчы тады, нягледзячы на тое, што выбух прагрымеў на мерапрыемстве з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, Навумаў пасадай не паплаціўся, а застаўся на сваім месцы.
Афіцыйная прычына адстаўкі Навумава выклікае здзіўленне — Навумаў узначальвае Беларускую федэрацыю хакея, актыўна займаецца спортам. Так, напрыклад, нядаўна ён прапанаваў правесці ў Менску хакейны турнір, які мусіў доўжыцца 24 гадзіны без перапынку. З'яўляючыся кіраўніком МУС, Навумаў праходзіў пешшу дыстанцыі па 100 кіламетраў, абстаўляючы гэта як сапраўднае шоў з удзелам чыноўнікаў МУС і журналістаў. Таму ў фармулёўку «адпраўлены ў адстаўку па стане здароўя» слаба верыцца.
Да афіцыйнага прызначэння Аляксандрам Лукашэнкам новага кіраўніка МУС часова выконваць абавязкі міністра ўнутраных справаў будзе генерал-маёр міліцыі Анатоль Куляшоў, які раней быў намеснікам міністра МУС.
«Адстаўка Уладзіміра Навумава можа, вядома, азначаць, што беларускія ўлады падаюць Еўропе нейкі сігнал. Магчыма, гэта прыкмета таго, што ціск Еўропы стаў даваць нейкі вынік. Усім вядома, што Парламенцкая асамблея Рады Еўропы падрыхтавала даклад па сітуацыі з выкраданнем у Беларусі Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Зміцера Завадскага і прыйшла да высновы, што да гэтых злачынстваў датычныя высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі. Акрамя таго, Міжпарламенцкі звяз і Працоўная група па знікненнях пры ААН увесь час цікавіцца гэтай сітуацыяй. Мы падалі ў ААН пазоў супраць уладаў Беларусі», — нагадала ў інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 лідэр ініцыятывы «Мы памятаем», удава выкрадзенага ў Беларусі бізнэсмэна і грамадскага дзеяча Ірына Красоўская.
Тым не менш, Ірына Красоўская не думае, што беларускія ўлады правядуць аб'ектыўнае расследаванне справаў аб выкраданнях і забойствах лідэраў апазіцыі і журналіста.
«Я не маю ілюзіяў, што будуць расследаваныя справы аб палітычных знікненнях. Магчыма, Лукашэнка вельмі хоча паехаць на саміт Усходняга партнёрства ў Прагу. На Брусэльскім Форуме і канферэнцыі памяці Ленарта Мэры ў Таліне, якія нядаўна адбыліся і ў якіх я прыняла ўдзел, казалася пра тое, што адной з самых галоўных перашкодаў паездкі Лукашэнкі ў Прагу з'яўляецца нерасследаванне справаў аб выкраданнях апазіцыянераў і магчымая датычнасць да гэтых справаў вышэйшага кіраўніцтва Беларусі. Але я вельмі скептычна стаўлюся да верагоднасці таго, што цяперашнія беларускія ўлады правядуць аб'ектыўнае расследаванне. Да гэтага знялі з пасады сакратара Савета бяспекі Віктара Шэймана, таксама падазраванага ў датычнасці да знікненняў апазіцыянераў, але нічога не змянілася», — склала Ірына Красоўская.
Хартыя’97
|