16 красавіка моладзь ізноў збіраецца на Кастрычніцкую — сярод патрабаванняў — вызваленне палітычных зняволеных і спыненне пераследу актывістаў. 
					Пачатак акцыі запланаваны на 18 гадзін па беларускім часе. 
					— 16 красавіка а 18-ай гадзіне мы збіраемся прыйсці на Кастрычніцкую плошчу, каб чарговы раз паказаць беларускай грамадскасці і сусветнай супольнасці, што на дадзены момант у Беларусі ёсць палітычныя зняволеныя, і мы патрабуем іхняга вызвалення, — гаворыць лідэр руху Маладая Беларусь Артур Фінькевіч. 
					Удзел у мерапрыемстве возьмуць прадстаўнікі розных палітычных арганізацый, а адной з тэмаў акцыі стане не толькі патрабаванне вызвалення Арцёма Дубскага, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі, але і заклік наагул спыніць уціск на актывістаў па палітычных прычынах. 
					— Яшчэ адно патрабаванне акцыі, гэта не толькі вызваленне палітвязняў, але і спыненне рэпрэсій па палітычных матывах, таму што, нягледзячы на так званую лібералізацыю, на тое, што Лукашэнку запрашаюць у Еўрасаюз, у нас працягваюцца палітычныя рэпрэсіі, а ціск на моладзь, на палітычных актывістаў не спыніўся, а наадварот узмацніўся, — заявіў Радыё Рацыя адзін з каардынатараў кампаніі «Джынс за свабоду» Яўген Афнагель. 
					  
					Барыс Гарэцкі 
					  					  Радыё Рацыя 
					 
					 
					 |